Беларуская Служба

Польшча апярэдзіла ЗША і Германію ў спісе найлепшых краін для эмігрантаў

09.07.2024 09:01
З суседзяў Беларусі ў рэйтынгу InterNations патрапіла толькі Польшча, размясціўшыся на 28-м месцы.
Варшаваjackmac34/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сеткавая платформа для эмігрантаў InterNations прадставіла свой традыцыйны рэйтынг найлепшых краін для пераезду, складзены на аснове апытання меркаванняў карыстальнікаў і бягучых тэндэнцый, піша Myfin.by.

У рэйтынгу InterNations улічваліся вынікі падрабязнага апытання больш за 12,5 тысячы эмігрантаў з усяго свету. Да ўвагі прымаўся ўзровень іх задаволенасці па пяці паказчыках: якасць жыцця, прастата ўладкавання, праца за мяжой, асабістыя фінансы і «асноўныя патрэбы эмігрантаў», такія як здольнасць знаходзіць жыллё, арыентавацца ў мясцовай мове і г.д.

На першым месцы рэйтынгу аказалася Панама. Эмігранты хваляць даступнасць жылля ў краіне і лёгкасць, з якой яго можна знайсці. Акрамя таго, у эмігрантаў у Панаме мала праблем з мовай, амаль усе яны задаволеныя доступам да анлайн-сервісаў і прастатой атрымання візы.

Другое месца дасталася Мексіцы – галоўным чынам за лёгкасць добраўпарадкавання ў краіне, агульную прыязнасць мясцовага насельніцтва і магчымасці для пошуку сяброў, а таксама за адсутнасць праблем пры прывыканні да мясцовай культуры.

Замыкае тройку лідараў Інданезія, якая радуе эмігрантаў нізкімі коштамі, прыязнымі людзьмі і лідзіруе па такім паказчыку, як баланс паміж працай і асабістым жыццём.

У топ-10 рэйтынгу таксама ўвайшлі Іспанія, Калумбія, Тайланд, Бразілія, Вʼетнам, Філіпіны і ААЭ.
З суседзяў Беларусі ў спіс патрапіла толькі Польшча, размясціўшыся на 28-м месцы. Пры гэтым вынікі многіх краін, папулярныя ў мігрантаў, былі прыкметна горшыя: ЗША – 35-е месца, Францыя – 38-е месца, Вялікабрытанія – 44-е месца, Канада – 49-е месца, Германія – 50-е месца.

У сваю чаргу Фінляндыя ў рэйтынгу 2024 года апусцілася з 16-га месца на 51-е. У той жа час Паўднёвая Карэя здолела дабіцца самага значнага поспеху: за год краіна ўзнялася з 50-га на 23-е месца, шмат у чым дзякуючы росту задаволенасці экспатаў у сферы асабістых фінансаў.

аз

У Варшаве завяршаецца будаўніцтва хмарачоса «The Brigde»

27.06.2024 08:01
Гэта будзе адзін з самых сучасных хмарачосаў у гэтай частцы Еўропы.