Беларуская Служба

Выпадкова знойдзеная неалітычная сякерка была зроблена, верагодна, на тэрыторыі сучаснай Беларусі

13.07.2024 09:25
Яна трапіць на экспазіцыю Гістарычнага музею ў Легіянове.
:
Фота:Mazowiecki Wojewódzki Konserwator Zabytków

Старадаўнюю сякерку знайшлі выпадкова ў Юзэфове каля Легіянова. «Гэта нізінная мясцовасць, і туды трэба было прывезці зямлю. І гэтая сякера была знойдзеная ў гэтай прывезенай зямлі, таму яна, напэўна, з іншага раёна. Дакладна невядома, адкуль была прывезеная зямля, але я спадзяюся, што мы зможам гэта высветліць», – сказаў Ваўжынец Арліньскі, кіраўнік археалагічнага аддзелу музею ў Легіянове.

Ён падкрэсліў, што людзі, якія яе знайшлі, адрэагавалі так, як і належыць рэагаваць на археалагічную знаходку, гэта значыць, паведамілі ў Дэпартамент аховы помнікаў Мазавецкага ваяводства.

Пра знаходку кансерватар паведаміў у сацыяльных сетках, а Гістарычны музей Легіянова вырашыў заняцца ёю. Сякерка паступіла ў музей на пачатку чэрвеня, а афіцыйна была перададзена на пачатку ліпеня.

«Яна зробленая са шліфаванага крэменю. Так што ўмоўна можна аднесці яе да перыяду неаліту, гэта значыць да малодшага каменнага веку. Яна невялікая, каля 10 сантыметраў, але стылістычныя асаблівасці дазваляюць яе аднесці да культурнага кола «Шнуравы посуд», – дадаў куратар. І растлумачыў, што гэта кола культур, якое ахоплівае ў асноўным Цэнтральную і Усходнюю Еўропу – ад Рэйна да сярэдняй Волгі, Скандынавію на поўначы і перадгор'і Альпаў і Карпат на поўдні.

«Цікава, што на Мазовіі адносна мала помнікаў, якія можна звязаць з гэтай культурай, таму для нас гэта яшчэ больш каштоўная знаходка і вельмі важная перадумова для далейшых даследаванняў гэтай эпохі», – патлумачыў Арліньскі.

Культура шнуравой керамікі – адна з першых культур, якую можна звязаць з індаеўрапейскімі народамі. Характэрнай асаблівасцю гэтай культуры зʼяўляецца кераміка, якая ўпрыгожвалася вяровачнымі адбіткамі. Некалі яе называлі культурай баявых сякер, таму што ў магілах знойдзены вельмі характэрныя сякеры з пашыраным уніз лязом.

«Большасць помнікаў гэтага перыяду знойдзена ў Сілезіі, Куяве і, што цікава, у раёнах на ўсход ад Мазовіі – паўночнай Украіне і сённяшняй Беларусі. Менавіта на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, вакол ракі Рось, каля мястэчка Новае Сяло, крэмніевыя шахты існавалі яшчэ ў эпоху неаліту, а наша сякерка, верагодна, была зроблена з крэйдавага крэменю, які здабываўся там і трапіла адтуль у Мазовію», – сказаў куратар. Але гэта трэба будзе дакладна высветліць.

Сякерка, знойдзеная ў Мазовіі, служыла для рубкі і апрацоўкі драўніны, для сельскагаспадарчых патрэб, а магчыма, таксама для абароны ці нападу.

Сякерка ўвойдзе ў экспазіцыю «De Profundis… Археалогія зямель Легіянова». Убачыць яе можна будзе пасля вакацый, хутчэй за ўсё ў верасні.

Уваход у Гістарычны музей у Легіянове бясплатны.

Marta Stańczyk/PAP/нг