Беларуская Служба

У выніку павышэння сярэднегадавой тэмпературы на Снежцы з’явілася новая расліннасць

27.07.2024 18:02
Змены клімату, найбольш адчувальным эфектам якіх з’яўляецца павышэнне тэмпературы, бачныя ў расліннасці, якая расце на самай высокай вяршыні горнага масіву Карканошэ.
Абсерваторыя на Снежцы PAP/Maciej Kulczyński

У выніку павышэння сярэднегадавой тэмпературы на Снежцы з’явілася новая расліннасць, якой раней там не было. «У лютым гэтага года сярэднямесячная тэмпература была на 6-7 градусаў вышэйшая за сярэднямесячную шматгадовую», – паведаміў PAP Пётр Кжачкоўскі, кіраўнік Высокагорнай метэаралагічнай абсерваторыі на гары Снежка.

Высокагорная метэаралагічная абсерваторыя на Снежцы з’яўляецца адной з двух такіх установаў у Польшчы. Другая знаходзіцца ў Татрах на Каспровым Верху.

Змены клімату, якія адбываюцца на Снежцы, відаць па паступовым бесперапынным павышэнні сярэдняй тэмпературы. «Мы ўвесь час назіраем гэты рост, але ў апошнія дзесяцігоддзі, з 1990 года, яго паскарэнне было даволі значным. З пачатку 1990-х у нас не было перыяду, калі б сярэднегадавая тэмпература была ніжэй за нуль, за выключэннем аднаго года», – сказаў PAP Пётр Кжачкоўскі, кіраўнік Высокагорнай метэаралагічнай абсерваторыі. Ён дадаў, што ў лютым бягучага года сярэднямесячная тэмпература была на 6-7 градусаў вышэй за сярэдняшматгадовы паказчык.

Метэаролаг падкрэсліў, што калі паглядзець на вымярэнні, якія праводзіліся на Снежцы з канца ХІХ стагоддзя, то можна заўважыць, што сярэднегадавая тэмпература ў гэты перыяд павялічылася на два градусы Цэльсія. «Гэта значны рост», – сказаў ён.
Змены клімату, найбольш адчувальным эфектам якіх з’яўляецца павышэнне тэмпературы, бачныя ў расліннасці, якая расце на самай высокай вяршыні горнага масіву Карканошэ.

«Тут з’явіліся першыя драўняныя расліны. Раней тут былі толькі нізкаствольныя травы. Цяпер ёсць елкі, інвазійная горная хвоя і ніскаствольныя лісцяныя формы – і іх становіцца ўсё больш», – сказаў Кжачкоўскі, падкрэсліўшы, што з’яўленне новай расліннасці звязана з працяглым перыядам вегетацыі на вяршыні Снежкі.

Павышэнне тэмпературы прывяло да таго, што снежнае покрыва на самай высокай вяршыні Карканошэ зменшылася, і снег там ляжыць карацей. Цікава, што самае высокае снежнае покрыва ў гарах Карканошэ адзначаецца ў сакавіку.

«Усё часцей сярод зімы ў нас здараюцца перыяды адліг, якіх раней не было. За зімовы сезон мы назіралі некалькі адліг, якія прайшлі праз Снежку, і сёння іх некалькі на працягу месяца», – сказаў метэаролаг.

Ён дадаў, што Снежка ўсё больш становіцца ледзяной гарой. «У нас ідзе снегапад, а потым адліга і дажджы, якія пераходзяць у галалёд. Затым падняцца на вяршыню вельмі складана нават для турыстаў, якія маюць шыпы на абутку», – сказаў Кжачкоўскі.

PAP/ав