У Варшаве ідуць святкаванні 80-й гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання. Сёння ветэраны і жыхары Варшавы ўшануюць герояў змагарнай сталіцы, у тым ліку падчас урачыстай імшы ў парку Свабоды ў Музеі Варшаўскага паўстання.
Ужо некалькі дзён па ўсім горадзе ладзяцца шматлікія мерапрыемствы, звязаныя з Варшаўскім паўстаннем. Учора на вуліцах горада прайшла інтэрактыўная сямейная гульня «Мы хацелі быць свабоднымі – кадры з паўстання». Увечары таксама прайшоў штогадовы Варшаўскі прабег.
Сёння, на наступны дзень святкавання гадавіны, даніну памяці варшаўскім паўстанцам аддадуць, між іншым, жыхары Белянаў, дзе а 13-й гадзіне перад помнікам жаўнерам дома «Кампінос» запланаваны ўрачыстасці ў памяць аб барацьбе за аэрапорт Беляны. Цягам дня на Ваўжышэўскіх могілках таксама адбудзецца 9-я Грамадская акцыя па прыбіранні магіл жаўнераў Арміі Краёвай групы «Жывіцель».
А 18-й гадзіне ў парку Свабоды ў Музеі Варшаўскага паўстання адбудзецца ўрачыстая імша з удзелам варшаўскіх паўстанцаў. Як кажа Караль Мазур з музею, на працягу многіх гадоў вельмі важным элементам святкавання гадавіны паўстання з'яўляецца святая Імша ля мемарыяльнай сцяны, на якой высечаны імёны загінуўшых у паўстанні:
-Гэта ўжо 80-ая гадавіна, паўстанцаў усё менш. Але тыя, хто яшчэ можа, стараецца прыйсці. Для іх гэта вельмі важны элемент памяці не толькі пра паўстанне, але і пра іх сяброў, імёны якіх мы бачым тут на шыльдах, яны тут загінулі. Таму для паўстанцаў гэта вельмі важная ўрачыстасць.
Кульмінацыя святкавання 80-годдзя выбуху Варшаўскага паўстання адбудзецца 1 жніўня а 17-й гадзіне. У сёлетніх урачыстасцях з нагоды гадавіны паўстання возьмуць удзел каля 400 варшаўскіх паўстанцаў.
Як і кожны год, паўстанцы і сталічныя ўлады заклікаюць годна адзначыць гадзіну «W». У сваім звароце яны просяць а 17-й гадзіне спыніцца на хвіліну і ўшанаваць тых, хто змагаўся і загінуў падчас Варшаўскага паўстання.
ав