Беларуская Служба

Дзяржвыбаркам адхіліў справаздачу «ПіС». Палітыкаў ураду гэта цешыць, апазіцыя кажа пра помсту

30.08.2024 12:06
Партыя можа страціць дзясяткі мільёнаў злотых датацыі. 
  .
Пікет праціўнікаў "ПіС". Фота: PAP/Tomasz Gzell

Польская Дзяржаўная выбарчая камісія адхіліла справаздачу апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» аб фінансаванні выбарчай кампаніі. У выніку партыя можа страціць дзясяткі мільёнаў злотых датацыі. Чакаецца, што канчатковае рашэнне аб тым, колькі грошай страціць групоўка Яраслава Качыньскага, будзе прынятае ў верасні. «Права і справядлівасць» заявіла пра зварот у Вярхоўны суд.

«Рашэнне адносна кампаніі «ПіС» вяртае веру ў тое, што выбаркам можа выконваць свае задачы», – заявіў міністр юстыцыі і генеральны пракурор Адам Боднар (Adam Bodnar).

- Гэта такая сітуацыя, калі нельга заявіць, што кантроль з боку дзяржвыбаркаму быў толькі фармальнасцю, што правераны былі толькі дадзеныя, прадстаўленыя самімі камітэтамі. Неабходна ўглыбіцца ў канкрэтную справу. І мяне цешыць, што былі праведзеныя дакладныя падлікі, якія датычаць перавышэння паўнамоцтваў падчас выбарчай кампаніі. І што Дзяржаўная выбарчая камісія ўзяла гэта пад увагу.

Старшыня парламенцкага клуба «Права і справядлівасць» Марыюш Блашчак (Mariusz Błasczak) заявіў, што адхіленне фінансавай справаздачы прымушае партыю змяніць свае планы перад будучым з'ездам. Неабходна задумацца пра змены ў партыйным кіраўніцтве і абвяшчэнні кандыдата ў прэзідэнты.

- Учорашняе рашэнне Дзяржаўнай выбарчай камісіі, атака на апазіцыю, на «Права і справядлівасць» мяняе нашы планы. Неабходна яшчэ раз усё абмеркаваць, паколькі нам прыйдзецца дзейнічаць без фінансавай падтрымкі з дзяржаўнага бюджэту. Гэта новыя абставіны, якія ўскладняюць нашу дзейнасць, яны скіраваныя супраць гэтых сямі мільёнаў шасцісот тысяч выбаршчыкаў, якія галасавалі за «Права і справядлівасць» восенню мінулага года.

На думку Марыюша Блашчака, рашэнне Дзяржаўнай выбарчай камісіі з'яўляецца палітычнай помстай, накіраванай на знішчэнне «Права і справядлівасці» і перамогу кандыдата ад Грамадзянскай кааліцыі на прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе.

IAR/нг