Беларуская Служба

Польшча абавязаная збіваць расійскія ракеты да іх траплення ў польскую паветраную прастору – Радаслаў Сікорскі

02.09.2024 15:43
Сікорскі ўзмацніў ціск на права збіваць ракеты пасля таго, як 26 жніўня меркаваны расійскі дрон парушыў паветраную прастору Польшчы.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў СікорскіPAO/Tomasz Waszczuk

Польшча і іншыя краіны, якія мяжуюць з Украінай, абавязаныя перахопліваць расійскія ракеты яшчэ да таго, як яны ўвойдуць у іх паветраную прастору. Пра гэта 2 верасня сказаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрв'ю брытанскай газеце Financial Times.

Кіраўнік МЗС патлумачыў, што Польшча павінна гарантаваць бяспеку сваіх грамадзян, нягледзячы на тое, што перахоп ракет над тэрыторыяй Украіны можа ўцягнуць НАТА ў вайну Расіі з Украінай.

«Членства ў НАТА не здымае з кожнай краіны адказнасці за абарону ўласнай паветранай прасторы – гэта наш канстытуцыйны абавязак. Асабіста я лічу, што калі варожыя ракеты нацэленыя на нашу тэрыторыю, іх перахоп зʼяўляецца апраўданым актам самаабароны, паколькі, калі яны перасякаюць нашу паветраную прастору, рызыка прычынення шкоды камусьці значна ўзрастае», – адзначыў Сікорскі.

Выданне Financial Times нагадала, што гэтым летам Польшча падпісала з Украінай двухбаковае пагадненне аб бяспецы, у якім абедзве краіны абавязаліся вывучыць магчымасць перахопу ракет і беспілотнікаў, якія накіроўваюцца ў бок Польшчы, у паветранай прасторы Украіны ў адпаведнасці з неабходнымі працэдурамі, узгодненымі зацікаўленымі дзяржавамі і арганізацыямі.

Аднак адыходзячы генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг адхіліў гэтую ініцыятыву, заявіўшы, што яна можа прывесці да таго, што НАТА стане часткай канфлікту.

Сікорскі ўзмацніў ціск на права збіваць ракеты пасля таго, як 26 жніўня меркаваны расійскі дрон парушыў паветраную прастору Польшчы.

З таго часу польскія ўлады працягваюць пошукі абʼекта, які, магчыма, адхіліўся ад курсу падчас масіраванай расійскай ракетнай атакі ва Украіну, але мог упасці на яе тэрыторыі. Financial Times таксама нагадала, што з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года на тэрыторыі Польшчы ўжо падалі ракеты, а нядаўна расійскія дроны парушылі паветраную прастору Румыніі.

вс