Беларуская Служба

Радаслаў Сікорскі: Вялізарныя ахвяры, прынесеныя сотнямі тысячаў беларусаў, кінутых у турмы, нельга змарнаваць

19.09.2024 10:14
Міністр замежных спраў Польшчы ўручыў Паўлу Латушку прэмію Салідарнасці імя Леха Валенсы.
Міністр Радаслаў Сікорскі ўручыў прэмію Салідарнасці Паўлу ЛатушкуPAP/Leszek Szymański

Лаўрэатам сёлетняй адноўленай Прэміі Салідарнасці стаў беларускі апазіцыянер, дэмакратычны лідар і намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета міністраў Беларусі, завочна асуджаны ўладамі ў Мінску на 18 гадоў пазбаўлення волі Павал Латушка.

Прэмія Салідарнасці была заснаваная ў 2014 годзе і адноўлена сёлета. Прэмія імя Леха Валенсы ўручаецца за асаблівую дзейнасць па прасоўванні і абароне дэмакратыі і грамадзянскіх свабод. Мэтай узнагароды з'яўляецца садзейнічанне дэмакратычнай культуры і ўшанаванне дзейнасці, якая падтрымлівае мірную эвалюцыю міжнароднай супольнасці ў кірунку павагі да правоў і свабод чалавека, умацавання вяршэнства закона і прынцыпаў добрага кіравання на мясцовым, рэгіянальным і міжнародным узроўні.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагароды ўзялі ўдзел прадстаўнікі польскіх уладаў, замежныя госці і прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных асяроддзяў. Цырымонію распачаў старшыня Капітулы прэміі, былы польскі прэзідэнт Лех Валэнса.

- Сёння мы вымушаныя страляць, бо страляе Пуцін, але трэба накіраваць шмат сіл і сродкаў на мірную барацьбу. Гэта просты але і эфектыўныя меры, як у часы Салідарнасці. Змаганне будзе доўгім, але павінна прывесці да змены палітычнай сістэмы ў Расіі ды Беларусі. Гэтыя краіны яшчэ нам падзякуюць, калі змогуць вырвацца з існуючай сістэмы. Няпраўда, што там не вераць у дэмакратыю. Людзі не вераць у тую рэалізацыю, што там адбылася. 

Пра важнасць падтрымкі дэмакратычных памкненняў і змагання беларускага народу за свае правы ды еўрапейскі выбар нагадала маршалак Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска. З прамовай у гонар лаўрэата выступіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

- Узнагарода Салідарнасці імя Леха Валэнсы — гэта выраз глыбокай павагі да вашай мужнасьці, павагі да дзеяньняў, якія набліжаюць дзень вяртаньня беларусаў у эўрапейскую сям’ю свабодных народаў. (...) Цырымонія гэта выраз прызнання не толькі самому лаўрэату, але і дэмакратычным памкненням усяго беларускага народа. Сёння Павал Латушка гаворыць у адзін голас з цэлай плеядай дэмакратычных палітыкаў, паказваючы свету, што беларусы — частка дэмакратычнай супольнасці, што яны маюць права на еўрапейскія памкненні і што велізарныя ахвяры, прынесеныя сотнямі тысяч беларусаў, кінутых у турмы і вымушаных у эміграцыю, нельга змарнаваць.

У сваёй прамове лаўрэат намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета міністраў Беларусі Павал Латушка падзякаваў польскаму ўраду ды грамадству за падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. 

-  Я вельмі ўдзячны за тое, што ў беларусаў ёсць нехта, хто іх падтрымлівае, што маюць такога суседа як Польшча. Наша супольная гісторыя - гэта наша агульная адказнасць, мы пішам яе разам. Гэта гісторыя незалежнай, дэмакратычнай ды еўрапейскай Беларусі. 

У Варшаве прайшла ўрачыстая цэрымонія ўручэння прэміі Салідарнасьці імя Лех Валэнса. Сёлета лаўрэатам стаў адзін з лідараў беларускіх дэмакратычных сіл Павал Латушка. 

юл