Беларуская Служба

Ці калі-небудзь грамадзяне Польшчы змогуць галасаваць праз інтэрнэт? Адказвае міністр

09.10.2024 11:40
На пытанне аб адмене выбарчай цішыні ён прызнаўся, што выступае за такое рашэнне.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: gov.pl

Сёння галасаванне праз інтэрнэт не мае сэнсу. Гэта непатрэбная рызыка - заявіў намеснік міністра лічбавай тэхналогіі (Ministerstwo Cyfryzacji) Міхал Граматыка (Michał Gramatyka), дадаўшы, што, на яго думку, такая форма галасавання ніколі не будзе магчымая ў Польшчы.

На ягоную думку, перашкодай з'яўляецца, у тым ліку, забеспячэнне тайны такога галасавання.

«Сёння галасаванне ў інтэрнэце не мае сэнсу. Гэта зусім неапраўданая рызыка. Калі гэта быў аргумент для павышэння яўкі, то на апошніх парламенцкіх выбарах яна склала семдзесят працэнтаў (яўка на выбарах у Сейм у 2023 годзе склала 74,38% — PAP). Мы неапраўдана падвяргаем сябе рызыцы ўзлому сістэм, якія будуць выкарыстоўвацца для галасавання ў інтэрнэце», — растлумачыў міністр.

На думку Граматыкі, новыя тэхналогіі былі б больш карысныя пры зборы подпісаў за спісы кандыдатаў. «Было б нашмат лепш уключыць электронны збор подпісаў за спісы кандыдатаў. Такі праект Сейм будзе абмяркоўваць», — сказаў ён.

На пытанне аб адмене выбарчай цішыні Граматыка прызнаўся, што выступае за такое рашэнне.

"Выбарчая цішыня сёння бессэнсоўная. Мы маглі б адмовіцца ад гэтай фікцыі", - рэзюмаваў ён.

Як паведамляе ў сераду выданне Rzeczpospolita, напрыканцы верасня Сенацкая камісія па петыцыях пачала працу над петыцыяй, пададзенай у фонд „Добрая дзяржава”, у якой сцвярджаецца, што выбарчая цішыня масава парушаецца ў інтэрнэце і значна паніжае яўку.

Сенатары вырашылі адправіць запыт наконт мэтазгоднасці выбарчай цішыні ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, і пасля яго адказу будуць вырашаць, што рабіць далей.

PAP/нг