Беларуская Служба

На польскай чыгунцы – новаўвядзенні: з Варшавы ў Беласток – за 1 гадзіну і 30 хвілін

16.10.2024 17:55
Чыгуначная пасажырская кампанія абнаўляе вагонны парк – перавозчык закупіць 42 двухпавярховыя вагоны дальняга следавання за 2 млрд 331 млн еўра.
    PKP Intercity
Кандуктар пасажырскага цягніка кампаніі PKP Intercity крыніца: YouTube/PKP Intercity/screen

Польская дзяржаўная пасажырская кампанія PKP Intercity паведаміла пра новаўвядзенні, якія рыхтуюцца з 15 снежня. У гэты дзень уваходзіць новы расклад руху цягнікоў.

Так, з паловы снежня PKP Intercity штодня будзе рэалізаваць 505 спалучэнняў – 471 круглагадовае і 34 сезонных. У параўнанні з летнім раскладам руху лічба маршрутаў павялічыцца на 50.

PKP Intercity плануе таксама павялічыць частату курсавання цягнікоў на найбольш папулярных трасах. Так, з Уроцлава ў Кракаў пасажырскія саставы будуць хадзіць штогадзіну, з Познані ў Кракаў – не радзей чым раз у дзве гадзіны, а з Гдыні ва Уроцлаў – кожныя дзве гадзіны. Акрамя таго, скароціцца час падарожжа на некаторых трасах. Так, шлях з Варшавы ў Шчэцін (453 км) цягнік будзе праходзіць за 4 гадзіны 18 хвілін, у Беласток – за 1 гадзіну 30 хвілін (200 км), у Лодзь – за 1 гадзіну і 7 хвілін (120 км).

Польская чыгунка запускае таксама дадатковыя міжнародныя цягнікі, для прыкладу, Пшэмысль–Кракаў–Берлін і чатыры - у Чэхію.

Кампанія PKP Intercity таксама аб’явіла тэндар на закупку 42 двухпавярховых вагонаў для цягнікоў дальняга следавання. Сума кантракту – больш за 2 млрд 331 млн еўра.     

Вясной паведамлялася, што PKP Intercity заказала 38 сядзячых купэйных вагонаў першага класу, 40 сядзячых купэйных вагонаў другога класу, 80 сядзячых вагонаў з адкрытай прасторай (самалётнага тыпу) другога класу, 38 вагонаў-рэстаранаў і 26 вагонаў начнога тыпу. Максімальная эксплуатацыйная хуткасць новых вагонаў – 200 км/г.

Акцыянернае таварыства PKP Intercity – найбуйнейшая ў краіне чыгуначная пасажырская кампанія. Поўны пакет акцый перавозчыка належыць дзяржаве.

PKP Intercity абслугоўвае цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных спалучэнняў. Кампанія прапануе паездку чатырма катэгорыямі цягнікоў: эканом-класа TLK і InterCity, бізнес-класа Express InterCity і прэміюм-катэгорыі Pendolino Express InterCity Premium. Найбольшай папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаюцца дзве першыя катэгорыі – у мінулым годзе паездку на іх выбрала больш за 90% кліентаў кампаніі.

У 2023 годзе PKP Intercity перавезла амаль 69 млн пасажыраў.

вс

Да 16 кастрычніка моладзь можа падаваць заяўкі на бясплатныя падарожжы па Еўропе

03.10.2024 12:32
З 2018 года на бясплатныя паездкі моладзі па Еўропе было прызначана каля 320 тыс. білетаў.