У сваёй міграцыйнай стратэгіі польскі ўрад прапануе магчымасць прыпынення гэтага права. На думку ўрада, яно выкарыстоўваецца Беларуссю і Расіяй для гібрыднай вайны.
Тыдзень таму прэм’ер-міністр Дональд Туск абвясціў, што адным з элементаў новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы з’яўляецца часовае і тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак.
Сёлета ва Упраўленне па справах замежнікаў паступіла больш за 12 тысяч хадайніцтваў аб міжнароднай абароне, большасць з іх ад украінцаў. Гэтыя заявы падаюцца праз Памежную службу — на тэрыторыі Польшчы, а можна таксама пры перасячэнні мяжы. Гэтае права распаўсюджваецца і на замежнікаў, якія нелегальна перасеклі мяжу. Калі яны жадаюць звярнуцца па міжнародную абарону, то працэдура выдалення ў адносінах да іх не распачынаецца.
Сёлета на польска-беларускай мяжы памежнікі прынялі прыкладна 2640 хадайніцтваў аб міжнароднай абароне.
Міхал Бура з Падляшскага аддзелу памежнай варты патлумачыў, што найчасцей гэта былі грамадзяне Эрытрэі, Самалі і Эфіопіі.
Хадайніцтвы аб міжнароднай абароне разглядае начальнік Упраўлення па справах замежнікаў. Сёлета ўмовы прадастаўлення абароны часцей за ўсё выконвалі грамадзяне Украіны (2, 3 тыс.), Беларусі (2, 1 тыс.) і зрэдку Расіі (150). Адмоўныя рашэнні атрымалі паўтысячы расіян, прыкладна 100 грамадзян Беларусі і 60 грамадзян Індыі.
2, 4 тысячы спраў скончыліся пагашэннем. У асноўным яны тычыліся грамадзян Сірыі, Самалі і Расіі.
«Справы часцей за ўсё спыняюцца, калі іншаземец пакінуў Польшчу да вынясення рашэння», — патлумачыў польскаму Агенцтву друку pap прэс-сакратар Упраўлення па справах замежнікаў Якуб Дудзяк.
«Заяўкі, у якіх няма імя, прозвішча і краіны паходжання, начальнікам УпСЗ не разглядаюцца. Ужо тры гады гэтае палажэнне дзейнічае таксама ў дачыненні да замежнікаў, затрыманых адразу пасля незаконнага перасячэння мяжы. Выключэннем з’яўляецца сітуацыя, калі замежнік прыбыў непасрэдна з краіны, дзе яму пагражае небяспека, і адразу падаў заяву на міжнародную абарону», — патлумачыў прэс-сакратар Упраўлення па справах замежнікаў Якуб Дудзяк.
яс