Беларуская Служба

У Польшчы падазраюць міністра абароны ў дыпламатычнай здрадзе

30.10.2024 15:52
Спецкамісія паведамляе ў пракуратуру пра магчымасць здзяйснення дыпламатычнай здрады былым міністрам абароны Антоніям Мацярэвічам.
Генерал Яраслаў СтружыкPAP/Paweł Supernak

Спецыяльная Камісія ўраду Польшчы па пытаннях расследавання ўплыву спецслужб Беларусі і Расіі на ўнутраную бяспеку краіны ў 2004-2024 гадах пазнаёміла грамадскую думку з вынікамі сваёй працы.

«Я магу катэгарычна заявіць, што камісія на сённяшні дзень вызначыла шэраг мерапрыемстваў, якія адпавядаюць знешнепалітычным задачам Расіі і Рэспублікі Беларусь і ўваходзяць у рэжым працы службаў гэтых краін у частцы ініцыятыў, накіраваных на аслабленне патэнцыялу Польшчы і яе пазіцыі на міжнароднай арэне», — сказаў старшыня спецкамісіі генерал Яраслаў Стружык.

Камісія расследавала дзейнасць папярэдніх уладаў Польшчы на прадмет рашэнняў, якія супадалі з інтарэсамі Расіі і Беларусі.

Падчас прэзентацыі дакладу генерал Стружык падкрэсліў, што выяўленыя камісіяй дзеянні былі накіраваныя на аслабленне Польшчы на ​​міжнароднай арэне.

— Выяўленыя камісіяй выпадкі сведчаць пра мэтанакіраваныя дзеянні на аслабленне бяспекі, у тым ліку польскіх узброеных сіл і спецслужбаў, ды аслабленне пазіцыі Польшчы на міжнароднай арэне. Гэта супадае з палітычнымі задачамі Расіі. Па-другое, ніводзін міністр дэмакратычнай дзяржавы не мае права прымаць арбітральныя рашэнні ў абыход працэдур, якія забяспечваюць бяспеку краіны.

Генерал Стружык сказаў, што спецкамісія паведамляе ў пракуратуру пра магчымасць здзяйснення дыпламатычнай здрады былым міністрам абароны і былым кіраўніком ваеннай контрвыведкі Антоніям Мацярэвічам.

Спецкамісія выявіла, сярод іншага, што Мацярэвіч, будучы кіраўніком Міністэрства нацыянальнай абароны, самастойна прыняў рашэнне і адмовіўся ад набыцця Польшчай самалётаў-запраўшчыкаў, якія выкарыстоўваюцца для дазапраўкі ў паветры знішчальнікаў F-16.

Генерал Стружык паведаміў, што спецкамісія таксама зрабіла высновы аб тым, што палітычныя эліты краіны, хоць былі паінфармаваныя аб планах нападу Расіі на Украіну напрыканцы 2021 года, не прынялі адпаведных крокаў па падрыхтоўцы да гэтай сітуацыі. Таксама спецкамісія выявіла выпадкі фінансавання польскімі ўладамі арганізацыяў, якія дзейнічаюць на карысць расійскага ўплыву ў ЗША.

Камісія па расследаванні ўплыву расійскай і беларускай выведак на Польшчу працуе з мая гэтага года. Сферы, якія яна даследуе, тычацца ўплыву знешняй выведкі на польскую палітыку, эканоміку і нацыянальную бяспеку за апошнія 20 гадоў.

Каманда генерала Яраслава Стружыка таксама расследуе справу пранікнення ў польскія СМІ замежных агентаў.

IAR/яс