Беларуская Служба

Польшча плануе скараціць праграму рэпатрыяцыі і ўвесці змены пры выдачы «Карты паляка»

30.10.2024 16:18
Міністэрства замежных спраў сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі ўнясуць у новым годзе адпаведныя нарматыўныя прапановы.
Кіраўнік МЗС РП Радаслаў СікорскіPAP/Piotr Nowak

«Нягледзячы на ​​тое, што палітыку рэпатрыяцыі мы разглядаем як сплату маральнага доўгу і выпраўленне гістарычных несправядлівасцей у адносінах да пакаленняў палякаў, якія засталіся па-за сучаснымі межамі Польшчы (на тэрыторыі былых савецкіх рэспублік- рэд.), то маштаб пераезду рэпатрыянтаў і іх сем’яў невялікі», — патлумачыў прычыны Радаслаў Сікорскі.

— За больш чым 20 гадоў дзеяння «Закона аб рэпатрыяцыі» значна зменшылася колькасць людзей, якія, паводле меркаванняў заканадаўцы, былі яго першапачатковымі бенефіцыярамі. Зараз большасць прэтэндэнтаў — унукі, а часта і праўнукі палякаў, дэпартаваных углыб СССР. Гэтыя людзі, як вынікае з інфармацыі нашых консулаў, ужо не ідэнтыфікуюць сябе з польскай нацыянальнасцю так выразна, як іх дзяды ці прадзеды, што зразумела. Улічваючы непазбежныя дэмаграфічныя, культурныя і сацыяльныя змены ды значнае зніжэнне колькасці пададзеных заявак на рэпатрыяцыю, варта разгледзець змены.

Міністэрства замежных спраў сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі ўнясуць у новым годзе адпаведныя нарматыўныя прапановы.

Сікорскі нагадаў, што акрамя рэпатрыяцыі, існуе яшчэ іншы шлях да пераезду ў Польшчу — гэта «Карта паляка», якая дазваляе яе ўладальнікам атрымаць дазвол на пастаяннае пражыванне ў Польшчы. Кіраўнік МЗС заявіў, што і ў гэтым выпадку таксама чакаюцца змены.

«Карта» працягвае карыстацца папулярнасцю ў краінах былога СССР, якая значна ўзрасла пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны, асабліва сярод жыхароў Украіны, Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У сувязі з палітычнай сітуацыяй, асабліва ў апошніх дзвюх краінах, павялічваецца неабходнасць унясення змяненняў у Закон аб «Карце паляка», каб дакладна вызначыць крытэрыі на яе атрыманне. Перш за ўсё для нашай бяспекі. Адміністрацыйныя органы, адказныя за разгляд заявак на «Карту паляка», сутыкаюцца з усё больш сур’ёзнымі пагрозамі. Адно з ключавых пытанняў — магчымасць варожа настроеных да Польшчы службаў стварыць фіктыўную біяграфію любога кандыдата на «Карту паляка». Консулы і чыноўнікі павінны ўмець адэкватна адрэагаваць, каб «Карта паляка» не стала прабелам у міграцыйных працэдурах.

З 2008 года па 30 верасня гэтага года было прынята амаль 215 тысяч рашэнняў аб выдачы «Карты паляка». Яна палягчае яго ўладальнікам, сярод іншага, працаўладкаванне ў Польшчы і вядзенне бізнесу.

яс