Беларуская Служба

Палякаў заклікаюць заспяваць гімн разам апоўдні

11.11.2024 08:21
Акцыя «Спяваць разам» адбудзецца ў сёмы раз, штогод яна аб'ядноўвае ўсё больш палякаў.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Leszek Szymański

«Незалежная з гімнам», то бок уся Польшча заспявае мазурку Дамброўскага. Акцыя «Спяваць разам» адбудзецца ў сёмы раз і, як кажа Віялета Лабуда-Іваняк з фестывальнага бюро «Niepodległa», каб яднаць палякаў.

«Мы заахвочваем вас спяваць гімн разам, дзе б вы ні знаходзіліся, у вялікіх групах. Гэтая акцыя вельмі папулярная не толькі ў Польшчы, таму што палякі жывуць па ўсім свеце і вельмі ахвотна сустракаюцца, каб радасна святкаваць адзінаццатага лістапада», — падкрэсліла каардынатарка акцыі.

Ужо некалькі дзён на сайце niedlegle.gov.pl арганізатары пазначаюць на мапе месцы, дзе апоўдні прагучыць гімн. Яны вельмі розныя, звязаныя з прыродай, ландшафтам і помнікамі, таксама будуць праходзіць на плошчах вялікіх гарадоў. У Польшчы, як тлумачыць Віялета Лабуда-Іваняк, гэта фактычна ўсе меншыя і большыя гарады, вёскі і мястэчкі. Арганізатары вельмі задаволеныя, што гэта мерапрыемства становіцца ўсё больш папулярным і сярод моладзі.

Арганізатары заклікаюць фатаграфаваць сябе падчас спеваў і размяшчаць здымкі ў сацыяльных сетках з хэштэгам #Niepodległadohymnu.

А 14-й гадзіне ў Варшаве пачнецца фестываль «Незалежнасць на Кракаўскім прадмесці», падчас якога адбудуцца, між іншым, праезд рэтра-аўтамабіляў і дэфіле рэтра-моды і веласіпедныя паказы.

ПР/юл