Беларуская Служба

У Варшаве прайшоў Марш Незалежнасці

11.11.2024 20:16
Гэта быў пятнаццаты па ліку марш, у шэсці прынялі ўдзел каля 90 тысяч чалавек.
Марш незалежнасці ў Варшаве прайшоў пад лозунгам «Сіла Вялікай Польшчы — гэта мы» у рамках святкавання Дня НезалежнасціPAP/Paweł Supernak

Шэсце пачалося на кальцы імя Рамана Дмоўскага ў цэнтры польскай сталіцы і дайшло да Нацыянальнага стадыёна. Паход штогод ладзіць Асацыяцыя «Марш Незалежнасці».

Сёлета да маршу далучыліся клубы Gazeta Polska і палітыкі з «Права і справядлівасці», у тым ліку старшыня гэтай партыі Яраслаў Качыньскі. Удзельнікі шэсця неслі бела-чырвоныя сцягі, шалікі і шапкі нацыянальных колераў.

Перад пачаткам шэсця сталічная паліцыя затрымала 75 чалавек. Канфіскаваныя піратэхнічныя матэрыялы ў вялікай колькасці, у тым ліку: 129 ракет, 292 петарды, 48 паходняў. Сярод канфіскаваных прадметаў таксама былі тэлескапічныя дубінкі і кастэты. У 30 затрыманых былі пры сабе наркотыкі, шэсць чалавек знаходзіліся ў вышуку.

Паводле інфармацыі праваахоўных службаў, шэсце прайшло мірна.

Гэта быў пятнаццаты па ліку Марш Незалежнасці. Паводле ацэнак арганізатараў, у ім узялі ўдзел да ста тысяч чалавек. Паводле звестак сталічнай мэрыі, у шэсці прынялі ўдзел каля 90 тысяч чалавек.

ПР/юл