Беларуская Служба

Жыхароў памежнай зоны пры беларускай мяжы хвалюе будаўніцтва Шчыта «Усход»

12.11.2024 12:16
Сёння ў Гайнаўцы пасля абеда запланаваная першая сустрэча прадстаўнікоў Міністэрства нацыянальнай абароны і арміі з мясцовымі жыхарамі наконт будаўніцтва шчыта.
Архітэктура тыповай вёскі на Падляшшы Fotokon/shutterstock.com

Жыхароў прыгранічных населеных пунктаў хвалюе будаўніцтва шчыта «Усход». Самыя буйныя боязі тычацца магчымага пазбаўлення права на ўласнасць участкаў, размешчаных побач з ваеннай інфраструктурай.

Сёння ў Гайнаўцы пасля абеда запланаваная першая сустрэча прадстаўнікоў Міністэрства нацыянальнай абароны і арміі з мясцовымі жыхарамі наконт будаўніцтва шчыта.

«Занепакоенасць расце, таму што дагэтуль з намі ніхто не кансультаваўся адносна планаў, ёсць толькі чуткі і паведамленні ў СМІ», — кажа Віктар Кэндысь (Wiktor Kendyś), член Рады  гміны Дубічы-Царкоўныя.

— Нам нічога не вядома, усё робіцца паціху. Я аб гэтым пачуў ад амерыканскага журналіста «The New Times», які быў тут у нас пару дзён таму. Пра «Шчыт Усход» мы чулі, але ніякай больш інфармацыі ніхто нам не перадае. Хаваюць ад нас і мы не ведаем чаму, нават войт нічога не ведае. Па тэлебачанні згадвалі, што шчыт будзе, але тут на месцы на нашых пасяджэннях ніхто нічога не казаў, бо нічога невядома.

Мясцовае насельніцтва хвалюе пытанне, як шчыт паўплывае на гэты рэгіён і на жыццё людзей, кажа Каміль Сілер, жыхар вёскі Вэрсток у некалькіх кіламетрах ад беларускай мяжы.

— Наіўныя аптымісты мяркуюць, што «пад нож» пойдуць толькі вёскі і збудаванні да чыгуначнaга пуці Гайнаўка-Чаромха-Варшава. Нельга вымяраць праблему колькасцю насельніцтва - так глядзяць з Варшавы. Тое, што мяне не высяляць з майго дому не суцяшае, бо можа аказацца, што вакол нас будзе створаны закрыты аб'ект і мы акажамся ў ахоўнай зоне гэтага аб'екта, дзе будзе забаронена што-небудзь будаваць.

Шчыт «Усход» — праграма, падрыхтаваная Міністэрствам нацыянальнай абароны і Генштабам, якая прадугледжвае будаўніцтва ўмацаванняў, рэльефных перашкод і ваеннай інфраструктуры на межах Польшчы з Расіяй і Беларуссю. Агульная працягласць «шчыта» каля васьмісот кіламетраў.

IAR/яс