Беларуская Служба

У Варшаве расказалі пра прыярытэты старшынства Польшчы ў Радзе ЕС

05.12.2024 14:17
Польскае старшынства ў Радзе Еўрапейскага Саюза пачнецца 1 студзеня 2025 года і працягнецца паўгода.
Раберта Мецола і Дональд Туск PAP/Marcin Obara

Вайсковая і энергетычная бяспека, ахова межаў і рост канкурэнтаздольнасці – гэта галоўныя пытанні, якімі хоча заняцца Польшча ў ходзе старшынства ў Радзе Еўрасаюза. У Варшаве прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск сустрэўся са старшынёй Еўрапарламента Рабертай Мецолай і лідарамі еўрапейскіх палітычных фракцый.

- Бяспека ў розных галінах, энергія як адна з умоў канкурэнтаздольнасці эканомікі Еўрасаюза, ахова розных групаў нашых грамадзян, а таксама сумленная канкурэнцыя, у выніку якой Еўропа мае шанцы выігрываць з кожным на свеце. Але мы павінны быць больш асертыўнымі – Еўропа павінна стаць больш эгаістычнай, у тым ліку адносна сваіх апанентаў, і салідарнай унутры ЕС. Я перакананы, што ў гэтым мы знойдзем паразуменне.

Падчас перамоваў у Варшаве абмяркоўваюцца асноўныя прыярытэты польскага старшынства ў Радзе ЕС. Раберта Мецола выказала задавальненне тым, што Польшча гатовая ўзяць на сябе лідарства ў складаны перыяд, звязаны з расійскай агрэсіяй, і яе наступствамі для Еўропы. 

Польскае старшынства ў Радзе Еўрапейскага Саюза пачнецца 1 студзеня 2025 года і працягнецца паўгода. Гэта другі раз у гісторыі, калі Польшча ўзначаліць працы ў ЕС.

вс