Беларуская Служба

Спрошчаны парадак выдачы праязных дакументаў іншаземца для грамадзян Беларусі будзе працягнуты

08.12.2024 15:05
Абмяркоўваўся і тэрмін дзеяння праязнога дакумента іншаземца, які цяпер выдаецца на адзін год.
      .
Мацей Душчык на сустрэжчы з Паўлам Латушкам.Фота: Прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Рэспублікі Польшча

6 снежня адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з намеснікам Міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацеем Душчыкам. У сустрэчы таксама ўдзельнічалі кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская і член Каардынацыйнай Рады Вольга Карпушонак.

Падчас сустрэчы Павел Латушка і Мацей Душчык абмеркавалі працяг спрошчанага парадку выдачы польскіх праязных дакументаў для грамадзян Беларусі. Намеснік Міністра паведаміў, што гэты парадак будзе дзейнічаць да 30 чэрвеня 2025 года.

Асобнай тэмай сустрэчы стала новая міграцыйная палітыка Польшчы, якая выклікала шырокі рэзананс як у польскім грамадстве, так і сярод грамадзян Беларусі, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. Намеснік Міністра падкрэсліў, што новая палітыка не накіраваная супраць беларусаў, а мае мэту ўзмацніць меры супраць нелегальнай міграцыі.

Мацей Душчык адзначыў, што ў пытаннях прымянення Дублінскага рэгламенту Польшча будзе строга прытрымлівацца яго нормаў у частцы вызначэння адказнай краіны за разгляд заяў аб прадастаўленні міжнароднай абароны (з улікам сямейных сувязяў, наяўнасці дазволу на пражыванне ці візы ў іншай краіне ЕС).

Таксама было абмеркавана выкарыстанне праязнога дакумента іншаземца ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу на тэрыторыі Польшчы. Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, праязны дакумент іншаземца сапраўды пацвярджае асобу, аднак практычнае прымяненне гэтага падыходу будзе дадаткова аналізавацца. Пры неабходнасці могуць быць ініцыяваныя змяненні ў закон аб іншаземцах.

Абмяркоўваўся і тэрмін дзеяння праязнога дакумента іншаземца, які цяпер выдаецца на адзін год. Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы разгледзіць тэхнічныя і прававыя магчымасці яго падаўжэння, напрыклад, да двух ці трох гадоў, з выкананнем стандартаў біяметрыі.

Акрамя таго, Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне пытанняў легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў на тэрыторыі Польшчы. Асобна было закранута пытанне аднаўлення працы рабочай групы па пытаннях, звязаных з пражываннем грамадзян Беларусі ў Польшчы.

Крынца: ТГ Паўла Латушкі

нг