Еўракамісія дазволіла краінам ЕС абмяжоўваць права на прытулак і выдзеліла дадатковыя сродкі на ахову вонкавых межаў Еўрасаюза. У заяве Еўракамісіі гаворыцца, што гэта ўзмоцніць бяспеку на вонкавых межах Еўрасаюза і краіны ЕС змогуць лепш змагацца з гібрыднымі пагрозамі, створанымі Беларуссю і Расіяй праз выкарыстанне нелегальнай міграцыі як зброі. Еўракамісія таксама падкрэслівае, што адказ Еўрасаюза на пагрозы цалкам адпавядае законам ЕС і міжнароднаму праву, паведамляе «Свабода».
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла пра дапамогу ў памеры 170 мільёнаў еўра дадатковага фінансавання краінам ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю і Расіяй.
Згаданыя сродкі ў тым ліку прызначаныя на абнаўленне абсталявання электроннага сачэння, паляпшэнне тэлекамунікацыйных сетак, разгортванне мабільнага абсталявання для выяўлення [парушэнняў] і супрацьстаянне пранікненню дронаў.
«Аўтакратам ніколі нельга дазваляць выкарыстоўваць еўрапейскія каштоўнасці супраць нас», - падкрэсліла Урсула фон дэр Ляен.
У заяве Еўракамісіі адзначаецца, што абмежаванні адносна права на прытулак у краінах ЕС маюць быць «прапарцыйнымі, абмежаванымі тым, што строга неабходна ў дакладна вызначаных выпадках, і часовымі».
Паводле камісіі, Расія і Беларусь выкарыстоўваюць людзей для «актаў варожасці» і вядуць «гібрыдныя баявыя дзеянні як палітычны інструмент, каб дэстабілізаваць нашыя грамадствы, падарваць адзінства ў ЕС і паставіць пад пагрозу бяспеку і цэласнасць Шэнгенскай зоны і бяспеку ЕС у цэлым».
аз