Беларуская Служба

Урадавы цэнтр бяспекі: Польшча выпрацоўвае комплексны падыход да гібрыдных пагроз

04.01.2025 12:26
Дырэктар Урадавага цэнтра бяспекі Польшчы пацвердзіў, што крытычная інфраструктура ўжо праходзіла стрэс-тэсты, і іх плануюць працягваць
Ілюстрацыя aphichato/shutterstock

Інцыдэнты, такія як пашкоджанні тэлекамунікацыйных кабеляў, аналізуюцца ў кантэксце гібрыдных дзеянняў, заявіў  дырэктар Урадавага цэнтра бяспекі Польшчы Збігнеў Мушыньскі ў інтэрв'ю газеце Rzeczpopsolita.

Эксперт адзначыў, што пасля паводкі ў Польшчы назіраліся праблемы ў кіраванні крызіснай сітуацыяй і адсутнасць добра наладжанай сувязі з насельніцтвам. Мушыньскі падкрэсліў, што навучанне і трэніроўкі для цывільнага насельніцтва стануць прыярытэтам новага падыходу да грамадзянскай абароны. Асноўная мэта змяненняў – павышэнне сацыяльнай устойлівасці і забеспячэнне грамадзян практычнымі навыкамі для рэагавання ў складаных сітуацыях.

Дырэктар Урадавага цэнтра бяспекі Польшчы таксама пацвердзіў, што крытычная інфраструктура ўжо праходзіла стрэс-тэсты, і іх плануюць працягваць. Рэгулярныя вучэнні па грамадзянскай абароне ахопяць як органы ўлады, так і ўстановы па ахове насельніцтва. Напрыклад, новаабраныя кіраўнікі гарадоў абавязаны прайсці навучанне на працягу трох месяцаў пасля выбараў, а потым паўтараць яго – як мінімум раз у год.

Збігнеў Мушыньскі таксама адзначыў, што Польшча працуе над павышэннем бяспекі крытычнай інфраструктуры ў супрацоўніцтве з рознымі  суб'ектамі, як дзяржаўнымі так і прыватнымі. Хоць ніхто не можа гарантаваць поўную бяспеку, краіна пастаянна ўмацоўвае свае магчымасці ў сферы папярэджання і рэагавання на пагрозы. Бліжэйшым часам у Польшчы будзе распрацавана стратэгія ўстойлівасці і ўведзены абавязак справаздачнасці пра інцыдэнты для больш хуткай рэакцыі на магчымыя пагрозы.

эж