Кіраўнікі Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі выказалі глыбокае шкадаванне ў сувязі з трагічнай смерцю медыка-ратаўніка ў горадзе Седльцэ. Яны таксама абвясцілі пра намер прыняць меры для павышэння бяспекі ратаўнікоў. Падтрымку ў гэтым пытанні абяцаў таксама міністр юстыцыі і Генеральны пракурор.
Учора ў Седльцах на ратаўніка напаў п'яны пацыент, якому той аказваў дапамогу. Ад атрыманых раненняў медык памёр у шпіталі.
У сумеснай заяве міністр аховы здароўя Ізабэля Лешчына і кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семоняк заявілі, што «любая агрэсія супраць людзей, якія ратуюць жыццё, абсалютна недапушчальная і заслугоўвае асуджэння». Яны таксама адзначылі пра «прыняцце рашучых мер для павышэння абароны медыцынскіх службаў і эфектыўнасці прыцягнення да адказнасці за злачынствы супраць ратаўнікоў».
Міністры паабяцалі, сярод іншага, арганізаваць «дадатковыя трэнінгі для медыцынскага персаналу па бяспецы і працэдурах дзеянняў у небяспечных сітуацыях». Акрамя таго, будуць праведзеныя «асветніцкія акцыі і грамадскія кампаніі, якія прасоўваюць павагу да медыцынскіх работнікаў і разуменне іх працы».
У заяве міністры выказалі спачуванні сям’і і блізкім памерлага ратаўніка і паабяцалі аказаць ім поўную падтрымку.
«Я заяўляю аб поўнай падтрымцы і рашучасці ў рэалізацыі гэтых ініцыятыў», — дадаў міністр юстыцыі Адам Боднар у сваёй публікацыі на платформе X.
IAR/нг