Беларуская Служба

«Мы вернем сабе краіну і абавязкова вернемся дадому!». У Варшаве адбыўся марш супраць #бязвыбары2025

26.01.2025 15:00
«Мы выступаем за нацыянальны дыялог, але які дыялог можа ісці ва ўмовах тэрору?».
   .
Святлана Ціханоўская ў Варшаве.Фота: Яланта Смялоўская/Беларуская служба Польскага радыё

Разам з беларусамі лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская прайшла па вуліцах польскай сталіцы, а пасля выступіла з прамовай, у якой падкрэсліла непахіснасць беларускага народа ў барацьбе за свабоду і нагадала: пакуль мы разам — мы ўсё адолеем.

— Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, называлі ўжо рознымі словамі. Фарс, камедыя, спецаперацыя. Я думаю, што адно з самых трапных азначэнняў гэтага ўсяго — здзек. Здзек над выбарчай працэдурай і самой ідэяй выбараў. Здзек над беларускім народам і міжнароднай супольнасцю. Мы ўжо сказалі яму сваё цвёрдае «не» чатыры гады таму. І сёння ў адказ на ягоную бязвыбарчую клаўнаду можам толькі гэта паўтарыць. Пакуль мы разам – мы ўсё адолеем. Мы вернем сабе нашую краіну і абавязкова вернемся дадому, — адзначыла Ціханоўская.

Яна таксама заявіла на прэс-канферэнцыі, што галоўная ўмова для правядзення свабодных і справядлівых выбараў — вызваленне палітвязняў.

— Перш за ўсё павінны быць вызваленыя палітзняволеныя, павінны быць спыненыя рэпрэсіі, вінаватыя ў злачынствах павінны быць пакараныя, а тыя, хто з'ехаў за мяжу, павінны мець магчымасць вярнуцца дадому. Мы выступаем за нацыянальны дыялог, але які дыялог можа ісці ва ўмовах тэрору?

Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі падкрэсліла, што саюзнікі мусяць быць рашучымі і паслядоўнымі ў сваёй палітыцы ў дачыненні да Лукашэнкі. Яна зазначыла, што падтрымку з боку Захаду нельга расцэньваць як дабрачыннасць.

— Я вельмі ўдзячная, што столькі краін, фактычных нашых саюзнікаў, ужо не прызналі гэтых выбараў. Не ідзе гаворка накшталт «мы вернемся да адносін з Лукашэнкам». Не. Ён нелегітымны, ён не прадстаўляе беларускага народа. Ён з’яўляецца пагрозай не толькі для нас, ён прадстаўляе пагрозу і нашым суседзям. Трэба разумець, што дапамога беларусам — гэта не дабрачыннасць, гэта інвестыцыя Еўрапейскага Саюза, ЗША і г. д. Таксама і ў іх бяспеку, таму што мы змагаемся не толькі супраць Лукашэнкі, а супраць дыктатарскіх сістэм, якія імкнуцца навязаць нам і ўкраінцам.

Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі стала вайсковай базай і трамплінам для агрэсіі супраць Украіны, сказала ў Варшаве лідарка беларускіх дэмакратычных сіл. На прэс-канферэнцыі, арганізаванай у Музеі Вольнай Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета падкрэсліла, што беларускі дыктатар «прадае сваю краіну Маскве, каб застацца пры ўладзе». Яна дадала, што ў барацьбе за дэмакратыю Беларусі неабходныя моцныя саюзнікі:

— Вядома, нашай задачай як беларусаў з'яўляецца вяртанне нашай краіны, але ніводнай вайны, ніводнай барацьбы з дыктатурай немагчыма выйграць без дапамогі саюзнікаў. Як і ўкраінцы, мы самі не здолеем справіцца. Толькі разам мы можам перамагчы ваенную машыну Пуціна.

Пасля маршу пачаўся форум «Беларусы годныя лепшага». Удзельнікі дзеляцца сваімі поглядамі на самыя актуальныя тэмы і абмяркоўваюць ключавыя пытанні пра будучыню Беларусі.

ТГ С.Ціханоўскай/IAR/Яланта Смялоўская/нг


Марш у Варшаве. Марш у Варшаве.