Беларуская Служба

МЗС Польшчы не прызнала вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

27.01.2025 08:45
«Польшча нязменна заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь распачаць працэс, які прывядзе да сапраўды свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».
Міністэрства замежных спраў Польшчы gov.pl

Міністэрства замежных спраў Польшчы выказала расчараванне прэзідэнцкімі выбарамі, якія прайшлі ў Беларусі з парушэннем асноўных дэмакратычных працэдур.



Польскае ведамства нагадала, што з-за дзеянняў уладаў незалежныя кандыдаты не змаглі прыняць удзел у выбарах. Кампанія суправаджалася рэпрэсіямі супраць палітычных апанентаў і запалохваннем прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці. Ва ўмовах паўсюднай цэнзуры і дзяржаўнай прапаганды значная частка беларусаў не мела доступу да незалежнай і дакладнай інфармацыі. У выніку гэтых дзеянняў беларускае грамадства было фактычна пазбаўлена выбарчага права.

Паводле польскага боку, менавіта гэтыя фактары не дазваляюць лічыць вынікі выбараў заслугоўваючымі даверу і такімі, якія адлюстроўваюць волю беларускага народа, які ў найноўшай гісторыі неаднаразова дэманстраваў сталасць і разуменне дэмакратычных працэсаў.

«Польшча нязменна заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь распачаць працэс, які прывядзе да сапраўды свабоднай і дэмакратычнай Беларусі без палітычных зняволеных і пераследаў, якой будуць ганарыцца ўсе грамадзяне», - чытаем у заяве Міністэрства замежных спраў Польшчы.

аз

«Не суйце свой нос». У МЗС Беларусі нахамілі міністру замежных спраў Польшчы

26.01.2025 16:08
Радаслаў Сікорскі пракаментаваў выбары ў Беларусі, а МЗС яму адказала словамі Лукашэнкі.