Беларуская Служба

Па колькасці пасажыраў польскія аэрапорты ўваходзяць у лік еўрапейскіх лідараў

19.02.2025 14:12
Рынак авіязносін у Польшчы павялічваецца. Летась паслугамі польскіх аэрапортаў скарысталіся 59,5 мільёнаў пасажыраў. Гэта на 22% больш, чым у 2019 годзе.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: StelaDi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Рост у гадавым выражэнні ставіць польскія аэрапорты ў лік еўрапейскіх лідараў, кажа Адам Саноцкі, член праўлення кампаніі “Polskie Porty Lotnicze”:

- Калі цэлая Еўропа расла на ўзроўні 7,4%, то Польшча ў параўнанні з 2023 годам вырасла на ўзроўні 15,6%. На першым месцы Венгрыя і Чэхія – 18,9%, на другім месцы Эстонія – 18%. Можна нас параўнаць з паўднёвымі напрамкамі, тыпова вакацыйнымі. І тут таксама бачна, што наш рост большы ў параўнанні з Мальтай, Харватыяй, Грэцыяй і Італіяй.

Найбольшая колькасць пасажыраў, больш за 21 мільён, была абслужана ў аэрапорце Шапэна ў Варшаве. Гэта павелічэнне больш чым на 15% у параўнанні з мінулым годам, а таксама перавышае ўзровень да пандэміі.

Вялікія рэгіянальныя парты, такія як Кракаў, Уроцлаў і Гданьск, таксама фіксуюць вельмі добрыя вынікі. Аднак не ўсе аэрапорты прыбытковыя і дэманструюць рост. У параўнанні з 2019 годам трафік у аэрапорце Ольштын-Мазуры ўпаў больш чым удвая, зніжэнне на некалькі працэнтаў таксама назіралася ў Шчэціне, Быдгашчы і Модліне.

ав