Прамысловая вытворчасць у студзені была меншая, чым год таму. Паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, яна знізілася на працэнт. Аднак у параўнанні са снежнем - павялічылася на 2,3 працэнта.
Па папярэдніх дадзеных, у студзені ў параўнанні з аналагічным месяцам 2024 года зніжэнне рэалізаванай прадукцыі зафіксавана ў 14 (з 34) галінах прамысловасці, у тым ліку: у вытворчасці аўтамабіляў, прычэпаў і паўпрычэпаў - на 15,1 працэнта, электраабсталявання - на 7,7 працэнта, у здабычы каменнага і бурага вугалю - на 6,0 працэнтаў, у вытворчасці напояў - на 3,6 працэнта, у вытворчасці і забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай і гарачай вадой - на 2,8 працэнта.
Прырост рэалізаванай прамысловай прадукцыі закрануў 20 галін - напрыклад, вытворчасць прадукцыі з іншай няруднай мінеральнай сыравіны.
Нагадваем, у студзені мінулага года вытворчасць вырасла амаль на 3 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне апублікавала таксама дадзеныя аб заработнай плаце і занятасці на прадпрыемствах. Паводле іх, у студзені на прадпрыемствах супрацоўнікі зарабілі на 9,2 працэнта больш, чым год таму.
Сярэдні заробак з улікам падаткаў і збораў склаў 8 482,47 злотых( амаль 2 044 еўра). У параўнанні з аналагічным месяцам 2024 года занятасць знізілася на 0,9 працэнта і склала 6 мільёнаў 455 тысяч працоўных месцаў.
Дадзеныя Галоўнага статыстычнага ўпраўлення тычацца прадпрыемстваў, дзе працуюць больш за 10 чалавек.
IAR/аз