Беларуская Служба

У Варшаве ад заўтра зноў можна будзе браць напракат папулярныя гарадскія ровары

28.02.2025 18:19
У польскай сталіцы сетка веласіпедных маршрутаў налічвае больш за 800 км.
Станцыя пракату варшаўскіх гарадскіх ровараў крыніца: x.com/NextbikePolska

У суботу 1 сакавіка ў Варшаве пасля зімовага перапынку будзе зноў запушчаная сістэма гарадскога пракату ровараў Veturilo.

Як і ў папярэднія гады, 20-хвілінная арэнда ровара будзе бясплатнай. Наступныя 40 хвілін будуць каштаваць 1 злоты (каля 25 еўрацэнтаў), а ў выпадку арэнды электрычнага ровара - 6 злотых (1 еўра 45 цэнтаў).

У Варшаўскім упраўленні гарадскіх дарог паведамілі, што станцый пракату і саміх веласіпедаў будзе больш.

Verilog працуе ў польскай сталіцы ўжо 13 гадоў. Цяпер жыхары Варшавы атрымаюць у сваё распараджэнне 3 тыс. 355 ровараў і 337 станцый - гэта на 25 транспартных сродкаў і на 5 станцый больш, чым год таму.

Новы сезон таксама ўносіць змены ў планіроўку некаторых станцый. Аналіз трафіку і водгукі карыстальнікаў дазволілі вызначыць месцы, дзе попыт на ровары большы, і месцы, дзе станцыі выкарыстоўваюцца радзей.

У мінулым сезоне амаль 400 тыс. чалавек выкарыстоўвалі гарадскія веласіпеды ў сталіцы. Двухколавыя транспартныя сродкі арандавалі амаль 5 млн разоў. Карыстальнікі праводзілі на іх у сярэднім 24 хвіліны 15 секунд і праязджалі каля 3,5 км.

У польскай сталіцы сетка веласіпедных маршрутаў налічвае больш за 800 км. Улады Варшавы анансуюць яе пашырэнне.

вс