Ратавальнікі змагаюцца з пажарам у Бебжанскім нацыянальным парку, які знаходзіцца на паўночным усходзе Польшчы. Агнём ахоплена 450 гектараў — верасоў, траў і лясоў. Пакуль што няма пагрозы для жыцця і здароўя мясцовых жыхароў — зона пажару знаходзіцца як мінімум у 5 кіламетрах ад лініі забудовы.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Семоняк (Tomasz Siemoniak) запэўніў, што службы гатовыя эвакуіраваць людзей, калі гэта спатрэбіцца. Ён узяў удзел у пасяджэнні крызіснага штаба, якое праводзілася дыстанцыйна ў сувязі з пажарам у Бебжанскім нацыянальным парку.
Семоняк паведаміў у сацсетцы X, што атрымаў даклады ад ваяводы Падляшскага ваяводства, намесніка Галоўнага камандзіра Дзяржаўнай пажарнай службы і камандзіра ваяводскай паліцыі. У штабе таксама працуе прадстаўнік Войска Польскага і Дзяржаўных лясоў.
Барацьба з пажарам у дадзены момант засяроджаная на паветраных аперацыях, бо тэрыторыя складаная для наземных дзеянняў.
"У распараджэнні штаба ёсць усе неабходныя рэсурсы. Просім жыхароў і турыстаў сачыць за актуальнай інфармацыяй ад RCB (Урадавы цэнтр бяспекі – рэд.), ваяводы, пажарнай службы і мясцовых уладаў. Таксама заклікаю ўсіх, хто плануе святочную прагулку па лесе, захоўваць асаблівую асцярожнасць у сувязі з пажарнай небяспекай", — напісаў Томаш Семоняк на платформе X.
IAR/нг