Беларуская Служба

Трое беларусаў былі затрыманыя за ўдзел у незаконнай вытворчасці цыгарэтаў у Польшчы (ВІДЭА)

22.04.2025 15:05
Службы ліквідавалі нелегальную цыгарэтную фабрыку, аддзел па ўпакоўцы і склад тытунёвых вырабаў.
Трое беларусаў былі затрыманыя за ўдзел у незаконнай вытворчасці цыгарэтаў у Польшчы https://www.facebook.com/STRAZGRANICZNA

Польская паліцыя пры падтрымцы Памежнай службы разбіла банду, якая займалася гандлем нелегальнымі цыгарэтамі. Страты Дзяржаўнай казны ў выніку дзейнасці гэтай арганізаванай злачыннай групы ацэньваюцца на 35 мільёнаў злотых (больш за 8 мільёнаў еўра).


Падчас аперацыі Цэнтральнага бюро расследавання з Катавіц і падраздзялення Карпацкай памежнай службы ў Мінскім і Валомінскім паветах Польшчы былі затрыманыя 11 чалавек, у тым ліку трое грамадзян Беларусі.

У двух месцах службы ліквідавалі нелегальную цыгарэтную фабрыку разам з памяшканнямі для кіраўнікоў, аддзел па ўпакоўцы і склад тытунёвых вырабаў.

Усяго было канфіскавана больш за 10 мільёнаў цыгарэт, 15 тон тытуню і абсталяванне.

У раённай пракуратуры горада Глівіцэ(Gliwice) затрыманым прад'яўлены абвінавачванні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, незаконнай вытворчасці і захоўванні падакцызных тавараў. Суд пагадзіўся на часовы арышт усіх затрыманых.

IAR/аз