Гістарычны парад, найбуйнейшае ў Польшчы шоу беспілотнікаў і канцэрт зорак польскай музыкі — Пікнік Тысячагоддзя адбудзецца ў Варшаве ў нядзелю, 27 красавіка. Краіна такім чынам святкуе 1000-годдзе каранацыі Баляслава Храбрага — першага караля Польшчы.
А 14-й гадзіне гістарычна-пазнавальны пікнік пачнецца на рацэ Вісла, у скверы Кахля і ўзбярэжжы Касцюшкі (na Skwerze Kahla i Wybrzeżu Kościuszkowskim). Будуць тры тэматычныя зоны для сем'яў: сярэднявечча, сучаснасць і будучыня, — расказвае Мацей Шульвах з фонду OCR:
— У зоне сярэднявечча, канешне, будуць групы рэканструктараў: рыцары, бітвы, рамёствы сярэднявечча. У зоне сучаснасці крыху пайшлі мы ў бок экалогіі, бо гэта патрэба сучаснага свету — будуць майстар-класы па рэсайклінгу, будуць будаваць домікі для насякомых. А ў зоне будучыні мы зможам адправіцца ў падарожжа на касмічным караблі, сесці за стырно рознага транспарту, які мы ведаем з фільмаў science-fiction.
А на бульварах побач з Віслай пройдуць спецыяльныя паказы моды праз стагоддзі.
У 19:00 на Свентакшыскім мосце пачнецца гістарычны парад. Гэта будзе сімвалічнае падарожжа праз 1000 гадоў польскай гісторыі. Шэсце ўзначаліць Першая прадстаўнічая рота Войска Польскага і Аркестр Войска Польскага.
Уваход на мерапрыемства бясплатны.
Канцэрт пачнуць трансляваць у нядзелю а 20:00 на TVP1 і анлайн на TVP VOD.
Першапачаткова пікнік тысячагоддзя быў запланаваны на суботу, але з-за пахавання Папы Францішка і нацыянальнай жалобы мерапрыемства перанеслі на нядзелю.
ІАR/вх