Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Славамір Цэнцкевіч падаў у адстаўку. Ён паведаміў што падаў заяву аб адстаўцы прэзідэнту Каралю Наўроцкаму 22 красавіка. Адстаўка была прынята.
— З-за незаконных дзеянняў урада Дональда Туска (...) я падаў у адстаўку з пасады кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі, — напісаў Славамір Цэнцкевіч у сацыяльных сетках.
Ён указаў, што прычынамі гэтага рашэння былі адмова яму ў доступе да сакрэтнай інфармацыі і, на яго думку, дзеянні ўрада, якія «паралізавалі нармальнае функцыянаванне Бюро нацыянальнай бяспекі». Цэнцкевіч падкрэсліў, што, нягледзячы на рашэнне Вышэйшага адміністрацыйнага суда на яго карысць, сітуацыя не палепшылася.
— Я прыняў сваё рашэнне з адказнасці за дзяржаву, — падкрэсліў Цэнцкевіч. Ён абвясціў, што будзе працягваць працу для прэзідэнта Польшчы па-за структурамі Бюро нацыянальнай бяспекі.
Супраціў урада Туска адносна прысутнасці Славаміра Цэнцкевіча ў Бюро нацыянальнай бяспекі (БНБ) быў выкліканы ў першую чаргу адсутнасцю ў яго допуску да сакрэтнай інфармацыі.
Урад абвінаваціў Цэнцкевіча ў правядзенні «прыватнай палітычнай помсты», што, на іх думку, пазбаўляла яго права займаць пасаду апалітычнага чыноўніка, адказнага за дзяржаўную бяспеку.
Адсутнасць допуску да сакрэтнай інфармацыі перашкаджала кіраўніку БНБ удзельнічаць у ключавых сустрэчах (напрыклад, у пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі) з урадам, што блакавала абмен інфармацыяй паміж Прэзідэнцкім палацам і Радай міністраў.
У траўні 2025 г. Славаміру Цэнцкевічу былі прадʼяўлены абвінавачванні ў тым, што ён дапамог раскрыць фрагменты аператыўнага плана «Варта» ў дакументальным фільме «Перазагрузка» (Reset), падрыхтаваным TVP у 2023 годзе. Згаданыя матэрыялы раней былі пазначаны грыфамі «Сакрэтна» і «Цалкам сакрэтна» і ўтрымлівалі, сярод іншага, канцэпцыю адводу польскіх узброеных сіл на лінію Віслы ў выпадку ваеннай пагрозы.
Новым кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі, якое працуе пры Канцылярыі прэзідэнта РП стане генерал Анджэй Кавальскі.
IAR/яс