Пра гэта паведаміў прэмʼер-міністр Дональд Туск у Нікасіі падчас саміту ЕС. Палітык запэўніў, што, нягледзячы на затрымку, няма рызыкі страты выдзеленых сродкаў. Першапачаткова Камісія планавала падпісаць крэдытныя пагадненні з краінамі ЕС у сярэдзіне сакавіка.
Прэмʼер-міністр Дональд Туск заявіў СМІ ў пятніцу падчас саміту ЕС на Кіпры, што Еўрапейская камісія хоча, каб Польшча выдаткавала як мага большую частку крэдыту ў рамках праграмы пераўзбраення ЕС SAFE. Ён дадаў, што Польшча лічыцца найважнейшым элементам гэтага механізму.
— Прагучалі вельмі выразна словы, што Польшча, Еўракамісія ды ўся Еўропа зацікаўленыя, каб Польшча выдала як мага больш сродкаў з гэтай крэдытнай пазыкі. Ніхто не думае пра тое, каб выкарыстаць працэдуры супраць праекту. Польшча ўспрымаецца як адзін з найважнейшых элементаў дадзенага механізму. Усе будуць працаваць разам з намі, каб эфектыўна выдаць прызначаныя нам сродкі.
Польшча ўжо мае тэкст крэдытнага пагаднення, у рамках якога будзе рэалізаваны механізм SAFE. Краіна можа разлічваць на амаль 44 мільярды еўра выгадных крэдытных ліній для пераўзбраення сваёй арміі.
Урадавы паўнамоцны прадстаўнік па механізме SAFE, міністр Магдалена Собковяк-Чарнецкая, заявіла Польскаму радыё, што тэкст пагаднення, дасланы Еўрапейскай камісіяй, азначае пачатак карпатлівай працы над яго канчатковай формай.
— Цяпер пачынаецца найменш бачная частка, але вельмі важная. Гэта момант, калі мы робім апошні прагляд дакументаў, правяраюць юрысты, шмат праверак і дэталяў. Мы імкнемся ўсё завершыць як мага хутчэй, каб неўзабаве былі падпісаныя дакументы.
Праца павінна быць завершана пасля доўгіх майскіх выходных. Міністр Собковяк-Чарнецкая абвясціла, што тады будзе афіцыйна падпісанае крэдытнае пагадненне. Хуткасць зʼяўляецца ключавым фактарам у гэтым працэсе, бо ў Польшчы ёсць час да 30 мая, каб падпісаць пагадненні, якія яна хоча рэалізаваць самастойна, без супрацоўніцтва з саюзнікамі па ЕС.
Польшча падае заяўку на 129 праектаў у рамках механізма SAFE, якія будуць рэалізоўвацца айчыннай абароннай прамысловасцю. Усё запланаванае фінансаванне ўзбраенняў павінна быць выдаткавана да 2030 года. Фінансавыя абавязацельствы будуць пагашаны пасля дзесяцігадовага льготнага перыяду на працягу 45 гадоў.
ПР/юл