Прэм’ер-міністр Дональд Туск (Donald Tusk) заявіў, што службы павінны як мага хутчэй выявіць і затрымаць асоб, адказных за ілжывыя паведамленні пра пажары і іншыя пагрозы. Пра гэта ён сказаў падчас нарады з міністрамі і прадстаўнікамі спецслужбаў у Варшаве.
Нараду склікалі пасля інцыдэнту ў Гданьску, дзе пажарныя і паліцыя пасля ілжывага сігналу сілай увайшлі ў кватэру, якая належыць члену сям’і прэзідэнта Караля Наўроцкага (Karol Nawrocki). Ніякай пагрозы там не выявілі.
Туск паведаміў, што ўначы размаўляў з прэзідэнтам Наўроцкім, і падкрэсліў, што справа не павінна выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах.
Вінаватыя ў ілжывых трывогах не застануцца беспакаранымі, запэўніў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі. Чэслаў Мрочэк (Czesław Mroczek) падкрэсліў, што службы дзейнічалі ў адпаведнасці з працэдурамі.
— Пажарнікі, паліцыя, ратаўнікі павінны рэагаваць на паведамленні аб небяспецы. І так было ў сітуацыі, якая здарылася ў Гданьску. Гэтая нерухомасць не знаходзіцца пад наглядам Службы аховы дзяржавы. Сёння міністр Кервіньскі (міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі (Marcin Kierwiński) — рэд.), іншыя прадстаўнікі МУС заявілі, што вінаватыя не пазбегнуць адказнасці.
Паводле паліцыі, расследаванне вядзецца пры ўдзеле экспертаў з Цэнтральнага бюро барацьбы з кіберзлачыннасцю. Следчыя аналізуюць тэлекамунікацыйныя дадзеныя, каб ідэнтыфікаваць асобу, якая выклікала ілжывую трывогу.
Ужо некалькі дзён службы атрымліваюць ілжывыя паведамленні, накіраваныя супраць журналістаў і грамадскіх дзеячаў, звязаных з правым крылом палітычнай сцэны Польшчы.
PAP/IAR/нг