Беларуская Служба

Адзіная ў Польшчы літоўская сярэдняя школа святкуе 70 гадоў існавання

27.06.2026 17:48
У суботу літоўская меншасць адзначае 70-годдзе сярэдняй школы імя 11 сакавіка з літоўскай мовай навучання ў Пуньску. На цырымоніі прысутнічалі многія выпускнікі школы.
.
..

Сярэдняя школа была заснавана ў 1956 годзе. У ёй навучаецца крыху больш за 100 вучняў і працуюць 16 настаўнікаў. За 70 гадоў існавання школа выпусціла 1735 выпускнікоў.

Усе прадметы, акрамя гісторыі, геаграфіі і моваў, выкладаюцца на літоўскай мове. Вучні карыстаюцца польскімі падручнікамі паводле вучэбных праграм, зацверджаных міністрам нацыянальнай адукацыі. Таксама выкладаюцца літоўская гісторыя і геаграфія.

У суботу, падчас святкавання 70-годдзя школы, гарадскія ўлады Пуньска і дырэктар школы адкрылі помнік у гонар гэтай падзеі. Увечары адбудуцца юбілейны канцэрт і выпускны баль.

Дырэктар сярэдняй школы Альвідас Невуліс заявіў PAP, што гэта важная падзея для літоўскай меншасці і мясцовай супольнасці.

— За гэты час мы падрыхтавалі калектыў настаўнікаў, якія гадамі працавалі на карысць гэтай школы і нашай супольнасці. Калі б не наша сярэдняя школа, я не ведаю, ці была б літоўская меншасць дагэтуль у такім добрым стане, — сказаў Невуліс.

Сярэдняя школа ў Пуньску з 1992 года носіць назву «11 сакавіка» ў гонар дня прыняцця літоўцамі дэкларацыі аб незалежнасці Літвы ў 1990 годзе. У школе захоўваецца копія Дэкларацыі аб незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, падпісанай усімі тагачаснымі членамі літоўскага парламента. Гэта адзіная сярэдняя школа такога кшталту ў Польшчы.

Літоўцы — адна з самых маленькіх меншасцей у Польшчы. Паводле ацэнак, некалькі тысяч чалавек літоўскага паходжання жывуць у асноўным у гмінах Пуньск і Сейны ў Падляскім ваяводстве.

ав