Беларуская Служба

Кіраўнік польскай выведкі: «Зялёныя чалавечкі» могуць з'явіцца ў краінах Балтыі

28.06.2026 18:01
Уладзімір Пуцін — закладнік уласнай паразы і будзе эскаліраваць сітуацыю, сказаў ён.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Vilius Kukanauskas/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кіраўнік Агенцтва выведкі палкоўнік Павал Шота ў інтэрвʼю газеце «Rzeczpospolita» заявіў, што Расія можа працягваць вайну ва Украіне яшчэ некалькі гадоў. Уладзімір Пуцін — закладнік уласнай паразы і будзе эскаліраваць сітуацыю, сказаў ён.

Шота ацаніў, што рэальная і прамая ваенная пагроза Польшчы зыходзіць у першую чаргу з Расіі. На яго думку, Масква разглядае Польшчу і краіны ўсходняга флангу НАТА як перашкоды для дасягнення сваіх імперскіх мэтаў.

— Бачачы, што адбываецца ва Украіне, як вайна Расіі зараз ідзе не вельмі добра, ёсць дадатковы элемент занепакоенасці тым, што Масква можа яшчэ больш эскаліраваць, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік Разведкі адзначыў, што вайна стала для Пуціна вялікай ганьбай. Расійскія спецслужбы і армія памыліліся ў разліках, чакаючы хуткай перамогі. На яго думку, для Пуціна — справа гонару, каб вайна ва Украіне была запісана ў падручнікі гісторыі як поспех.

— Вось чаму мы маем справу з непрадказальнасцю з боку Расіі, — сказаў палкоўнік Шота.

Ён пацвердзіў, што Разведка разглядае сцэнарыі расійскіх правакацый супраць краін Балтыі, у тым ліку дзеянні з удзелам так званых «зялёных чалавечкаў».

— Расія сістэматычна пераходзіць чырвоныя лініі, правяраючы рэакцыю НАТА. Кошт такіх правакацый для Масквы нізкі, і Альянс рэагуе ў першую чаргу палітычна, што спрыяе далейшай эскалацыі, — адзначыў кіраўнік разведкі.

Ён таксама выказаў занепакоенасць з нагоды ўзмацнення падпарадкавання Масквой Беларусі, у тым ліку будаўніцтва абʼектаў, якія дазволяць разгарнуць сістэмы дастаўкі ядзернай зброі (у тым ліку «Арэшнік») і правесці ядзерныя вучэнні. Пры гэтым разведка падтрымлівае ўласныя каналы сувязі з Мінскам, што дазволіла, сярод іншага, вызваліць Анджэя Пачобута.

Кіраўнік разведкі запэўніў, што Польшча не застанецца пасіўнай перад абліччам агрэсіўных дзеянняў Расіі і Беларусі.

PAP/ав