Беларуская Служба

Партыя «Права і справядлівасць» перамагае ў выбарах з вынікам 43,76%

14.10.2019 10:53
На «Грамадзянскую кааліцыю» прагаласавалі 27,24% грамадзян. Дзяржаўная выбарчая камісія агучыла вынікі з 99,49% выбарчых акругаў.
-
Прэм'ер-міністар Матэвуш Маравецкі і старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі PAP/Radek Pietruszka

На трэцім месцы апынуўся Саюз левых дэмакратычных сілаў, на які прагаласавалі 12,52% выбарцаў, а на чацвёртым месцы Польская сялянская партыя з вынікам 8,58%.

У парламент увойдзе таксама Канфедэрацыя «Свабода і незалежнасць» – 6,79%.

Старшыня «Права і справядлівасці» Яраслаў Качыньскі сказаў, між іншым, што яго партыя рыхтуе прапановы для груп, якія не галасавалі на яго партыю:

- Мы атрымалі шмат, але заслугоўваем большага. Мы павінны зрабіць так, каб ніхто ў Польшчы не сумняваўся, што тое, што мы робім з’яўляецца і карысным, і рэальным, і адказным. Гэта сапраўды адказна, але частку грамадства ўдалося пераканаць у тым, што мы робім нешта, што з часам будзе пагрозай. Мы нічога такога не робім і не маем гэтага ў планах. Мы пануем над публічнымі фінансамі, радыкальна палепшылі іх стан. І так будзе ў выпадку, калі мы далей будзем кіраваць.

Ён запэўніў, што яго партыя абавязваецца прадставіць чарговыя праекты і «вывучыць патрэбы» сацыяльных груп, якія не падтрымалі ПіС. Яраслаў Качыньскі таксама запэўніў, што прапановы, якія будуць рэалізоўваецца яго партыяй карысныя і адказныя. Качыньскі падкрэсліў, што яго партыя надалей будзе «аздараўляць» стан публічных фінансаў.

«Грамадзянская кааліцыя» дае шанец на супрацу і паразуменне – сказала Малгажата Кідава-Блоньска з кааліцыі, якая заняла другое месца ў выбарах. Палітык падкрэсліла, што верыць у поспех кааліцыі:

- Мы спакойна пачакаем поўныя вынікі выбараў. Я веру, што яны будуць вельмі добрыя. Таксама веру, што мы атрымаем перамогу ў Сенаце. Гэта вынік таго, што мы рабілі, як апазіцыя. Нашыя размовы з людзьмі. Людзі хочуць супрацоўнічаць. Хочуць паказаць, што мы здольныя пераадольваць розніцы, якія існуюць у нашай краіне. Людзі не хочуць Польшчы, падзеленай на палову. Не хочуць, каб у іх разрывалася сэрца ад таго, што палякі не здольныя дамовіцца.

«Грамадзянская кааліцыя» ствараюць «Грамадзянская платформа», «Сучасная», «Польская ініцыятыва» і «Зялёныя».

ав