Падзеі апошняга часу сведчаць аб тым, што Еўропа, якую мы ведалі апошнія тры дзесяцігоддзі і якая ўзнікла ў выніку вялікіх зменаў пасля 1989 года, сыходзіць у гісторыю, на старонках газеты Rzeczpospolita піша публіцыст Марэк Ціхоцкі.
Аднак ад нас залежыць, якія наступствы гэта будзе мець Польшча ды палякі. Рэдка ў сучаснай гісторыі мы аказваліся ў такім становішчы, каб наша будучыня знаходзілася перш за ўсё ў нашых уласных руках.
Першыя апублікаваныя дадзеныя ўжо дакладна паказваюць неверагодныя маштабы эканамічнага спусташэння, выкліканага ў Еўропе першай хваляй эпідэміі Covid-19. Італія, напрыклад, апынулася эканамічна на тым узроўні, на якім была да ўступлення ў Еўразону. Такім чынам, адна з найбуйнейшых дзяржаў ЕЗ усяго за некалькі месяцаў апусцілася па макраэканамічных паказчыках на прыкладна 20 гадоў. Многія іншыя дзяржавы так званай Заходняй паловы Еўропы, з Іспаніяй на чале, уключаючы Францыю і ФРГ, таксама панеслі велізарныя эканамічныя страты.
Як бы хутка ні выходзілі асобныя краіны з крызісу, гэтак глыбокія ўзрушэнні азначаюць з'яўленне абʼектыўных умоў, пры якіх у Еўропе можа адбыцца карэннае змяненне. Карэнным чынам зменіцца структура адносінаў паміж дзяржавамі. Для Польшчы, з магчымай перспектывай трох гадоў стабільнага праўлення, гэта ўяўляе сабой вялікую магчымасць выйсці на новы ўзровень развіцця.
Прынятыя на нядаўнім саміце ў Бруселі фінансавыя рамкі і пакеты дапамогі, хоць канчатковая іх форма яшчэ не прадвызначаная, паказваюць, што новая сістэма сацыяльна-эканамічных адносін, якая паўстане паміж дзяржавамі ЕЗ, будзе азначаць жорсткую барацьбу за ўладу. Тут ніхто ні ад чаго не захоча адмовіцца. Таму так важна, каб Польшча ўступіла ў гэтую барацьбу за будучыню.
Ужо сёння добра бачныя дзве найвялікшыя пагрозы, якія сабой нясе новая палітычная рэчаіснасць. Па-першае канфлікт паміж «мадэрнізатарамі» і тымі, хто хацеў бы бачыць Польшчу на пярэднім краі культурнай вайны ў Еўропе. Па-другое канфлікт паміж цэнтральнай уладай і мясцовым самакіраваннем.
Калі мы хочам выйграць цяперашняе супрацьстаянне за нашу будучыню, а ў Польшчы для гэтага ёсць перадумовы, нам абавязкова трэба навучыцца панаваць над унутранымі канфліктамі, падвёў вынік публіцыст газеты Rzeczpoispolita Марэк Ціхоцкі.
эж