Траса Via Carpatia стала даўжэйшай на 30 кіламетраў. У Падкарпацці былі адкрытыя наступныя тры ўчасткі дарогі S19 паміж развязкамі Руднік-над-Санэм і Лавіска. Міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык (Andrzej Adamczyk), які прысутнічаў у цырымоніі адкрыцця, паведаміў, што праз некалькі месяцаў траса спалучыць галоўныя гарады Падкарпацця і Любліншчыны:
-Мы ўводзім у эксплуатацыю амаль 30 кіламетраў гэтай трасы, а праз некалькі дзён – гэта будзе наступныя некалькі дзясяткаў кіламетраў. Да красавіка будучага года можна будзе ўжо падарожнічаць бяспечнай трасай Via Carpatia паміж гарадамі Люблін і Жэшаў.
Згодна з заявай міністра, усю трасу ад мяжы са Славакіяй у гарадку Барвінэк плануецца ўвесці ў эксплуатацыю праз 4 гады. Раней, у 2024 годзе, можна будзе падарожнічаць участкам трасы Via Carpatia з Жэшава ў Беласток.
IAR/аз