Беларуская Служба

66% апытаных палякаў мяркуе, што перадвыбарчыя абяцанні дапамогуць ПіС перамагчы на выбарах

17.05.2023 09:11
Даследаванне правёў Даследчы інстытут Pollster 15 траўня, апытваючы 1083 дарослых палякаў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Alexandru Nika/Shutterstock

Большасць палякаў мяркуе, што перадвыбарчыя абяцанні дапамогуць кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» перамагчы на парламенцкіх выбарах. Старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі паабяцаў жыхарам Польшчы павышэнне дапамогі на дзяцей з 500 да 800 злотых, бясплатныя лекі для пажылых людзей і дзяцей, а таксама бясплатны праезд па аўтабанах. У апытанні, праведзеным Інстытутам даследавання думкі Pollster для выдання «Super Express» 66% палякаў заявіла, што абяцанні дапамогуць ПіС выйграць выбары.

У анкеце апытаным задалі пытанне: ці лічыце вы, што апошнія абяцанні старшыні Яраслава Качыньскага дапамогуць ПіС выйграць выбары? Большасць апытаных вераць у перамогу партыі Качыньскага пасля з'езду ПіС (66 працэнтаў, з якіх 23 працэнты адказалі «безумоўна так», 43 працэнты – «хутчэй так»).

«Я з гэтым таксама згодны, – каментуе палітолаг праф. Казімеж Кік. – Па-першае, таму што ў ПіС ёсць канцэпцыя захавання сацыяльнай дзяржавы. Па-другое, ёсць план эканамічнага развіцця – прыцягненне замежных інвестыцый. Ёсць таксама ідэя адаптаваць сістэму адукацыі да патрэбаў эканомікі. Усё гэта паслядоўная канцэпцыя будучыні», – сказаў палітолаг.

Даследаванне правёў Даследчы інстытут Pollster 15 траўня, апытваючы 1083 дарослых палякаў метадам CAWI.

PAP/нг