Беларуская Служба

Падчас пандэміі адбылося значнае пагаршэнне псіхічнага стану маладых людзей

24.05.2023 08:34
Затое вайна ва Украіне не выклікала негатыўнага псіхалагічнага ўздзеяння на моладзь.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: fizkes/shutterstock.com

Інстытут комплекснай прафілактыкі падрыхтаваў даклад на тэму псіхічнага здароўя моладзі ў Польшчы. Падчас пандэміі адбылося пагаршэнне псіхічнага стану маладых людзей. Замест жыццёвай сілы, характэрнай для юнацтва, многія маладыя людзі адчуваюць недахоп энергіі і страх за будучыню.

«Слабы псіхічны стан і нізкая матывацыя да развіцця ператвараюцца ў вымерныя страты ў адукацыі. Сярод маладых людзей, якія характарызуюцца асабліва высокай уражлівасцю, гэта азначае пашырэнне дэпрэсіі, спроб суіцыду і самагубстваў, пра якія паведамляецца ў псіхіятрычнай і суіцыдалагічнай статыстыцы», – гаворыцца ў справаздачы.

Аналіз паказвае, што вайна ва Украіне і прыбыццё ў Польшчу бежанцаў не выклікалі негатыўнага псіхалагічнага ўздзеяння на моладзь. Наадварот, эмпатыя да бежанцаў і сацыяльная мабілізацыя, накіраваная на дапамогу, дапамаглі палепшыць псіхічны стан некаторых груп моладзі. Найбольш выражана гэта назіралася сярод моладзі ў школах на памежжы з Украінай і Беларуссю.

У дакладзе адзначаецца, што найважнейшай крыніцай абароны псіхічнага здароўя падлеткаў, як у перыяды стабільнасці і спакою, так і ў перыяд апошніх крызісаў, з'яўляецца памер, якасць і даступнасць сеткі падтрымкі. «Асноўную ролю адыгрывае падтрымка бацькоў, дальніх сваякоў, равеснікаў, а таксама настаўнікаў і выхаваўцаў», – канстатуюць аўтары справаздачы.

PAP/нг