Акруговая пракуратура ў Познані выставіла абвінаваўчы акт супраць двух беларусаў, якія падазраюцца ў шпіёнскай дзейнасці на захадзе Польшчы, паведамляе партал tvp.info. Шпіёны збіралі інфармацыю пра Войска Польскае і важную інфраструктуру.
Тое, што расследаванне шпіянажу на карысць беларускай вайсковай выведкі завершанае, пацвердзіў прэсавы сакратар познаньскай пракуратуры Лукаш Ваўжыняк.
Вайсковая контрразведка затрымала беларусаў у красавіку 2022 года. Спецслужбы ўстанавілі, што мужчыны рабілі выгляд, што шукаюць працу ў Польшчы, а насамрэч шпіёнілі на карысць беларускай вайсковай выведкі.
Шпіёны прыехалі ў Польшчу пад выглядам працы кіроўцамі. Іх шпіёнская дзейнасць была сканцэнтравана на вайсковых частках і грамадзянскіх аб'ектах у заходняй Польшчы.
- У яе рамках яны выконвалі задачы па распазнаванні важных элементаў польскіх узброеных сіл і грамадзянскай транспартнай інфраструктуры – дадае Ваўжыняк.
З моманту затрымання мужчыны знаходзяцца пад вартай. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Гэта чарговы абвінаваўчы акт па справе аб шпіянажы. Службы адзначаюць, што з пачаткам вайны ва Украіне шпіёнская дзейнасць Расіі і Беларусі ў Польшчы актывізавалася.
У канцы лютага партал tvp.info паведаміў пра абвінаваўчы акт, выстаўлены ваеннай пракуратурай Гданьска грамадзяніну Расіі, які некалькі гадоў шпіёніў у Польшчы на карысць расійскіх спецслужбаў.
Мужчына пранік у вайсковыя часткі на паўночным усходзе краіны і наладзіў кантакты з вайскоўцамі, дзейнічаў таксама ў гістарычна-рэканструкцыйных групах.
яс