Беларуская Служба

У Польшчы затрыманы чарговы расійскі шпіён

30.06.2023 08:12
Пракуратура не выключае новых арыштаў па гэтай справе.
Ілюстрацыйны здымакObraz Lisa Redfern z Pixabay/CC0

Яшчэ аднаму чалавеку пракуратура прад'явіла абвінавачанне, звязанае з удзелам у шпіёнскай сетцы, якая дзейнічае ў Польшчы. Гэта расіянін, затрыманы супрацоўнікамі АБВ. Мерапрыемствы праводзіліся ў Сілезскім ваяводстве. Мужчыну даставілі ў пракуратуру, дзе яму прад'явілі абвінавачанне.

Пракурор Люблінскага аддзела Дэпартамента па арганізаванай злачыннасці і карупцыі Нацыянальнай пракуратуры ў Любліне прад'явіў затрыманаму абвінавачанні адносна ўдзелу ў арганізаванай злачыннай групе, кваліфікаванай паводле артыкула 258 § 1 Крымінальнага кодэкса, і дзейнасці для замежнай выведкі на шкоду інтарэсаў Польшчы. Дзеянні, якія інкрымінуюцца падазраванаму, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 гадоў.

У ходзе расследавання ўстаноўлена, што затрыманы з'яўляецца прафесійным спартсменам клуба першай лігі. У Польшчы ён праводзіў мерапрыемствы, у тым ліку з вызначэннем крытычнай інфраструктуры ў некалькіх ваяводствах. Пра вынікі разведкі інфармаваў кліентаў, за што атрымліваў узнагароду. Затрыманы грамадзянін РФ знаходзіцца ў Польшчы з кастрычніка 2021 года.

У звязку з неабходнасцю забяспечыць належны ход расследавання, магчымасцю ўцёкаў падазраванага, пракурор падаў у суд хадайніцтва аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Суд цалкам пагадзіўся з довадамі пракурора і, указаўшы на высокую верагоднасць здзяйснення падазраваным інкрымінаваных яму дзеянняў, прымяніў меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Расіянін — 14-ы чалавек, затрыманы ў рамках расследавання шпіёнскай сеткі, якая супрацоўнічае з расійскімі спецслужбамі. Падазраваныя, ідэнтыфікаваныя як замежнікі з-за ўсходняй мяжы, вялі разведвальную дзейнасць, а таксама прапаганду супраць Польшчы і рыхтавалі дыверсіі ад імя расійскай выведкі.

ПР/юл