Беларуская Служба

Жарын: «Дом польска-кітайскіх журналістаў» можа пагражаць бяспецы Польшчы

04.07.2023 18:15
Упаўнаважаны ўраду па бяспецы інфармацыйнай прасторы выказаў засцярогі наконт узнікнення ў Польшчы новай арганізацыі.
Станіслаў Жарын gov.pl/web/premier

Упаўнаважаны польскага ўраду па бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын лічыць, што стварэнне «Дома польска-кітайскіх журналістаў» можа ўяўляць сабой пагрозу бяспецы інфармацыйнай прасторы Польшчы.

Нагадваем, днямі была падпісаная дамова аб стварэнні такой арганізацыі. Паводле намесніка міністра-каардынатара спецслужбаў, такія дзеянні варта разглядаць як пагрозу з-за распаўсюджвання кітайскай прапагандай агрэсіўнага і хлуслівага кантэнту, скіраванага супраць Польшчы.

«Згодна са згаданай дамовай, кітайская прапаганда зможа аказваць больш моцны ўплыў на польскія СМІ і атрымальнікаў іх кантэнту», – падкрэсліў Жарын у Твітэры.

Станіслаў Жарын адзначыў, што Кітай і Расія распаўсюджваюць аднолькавую хлусню, скіраваную супраць Польшчы. Гаворка ідзе, між іншым, пра абвінавачванне ЗША і Захаду ў развязванні вайны супраць Украіны або таго, што Польшча плануе напад на Беларусь і Украіну.

«Кіраваныя прапагандай кітайскага рэжыму СМІ і сацыяльныя сеткі прадстаўляюць нас як «русафобскую» краіну, якая хоча ўцягнуць Захад у вайну супраць Расіі. Гэта паўтор хлусні, якую Масква распаўсюджвае на працягу доўгага часу», – заявіў упаўнаважаны польскага ўраду па бяспецы інфармацыйнай прасторы.

Станіслаў Жарын таксама нагадаў, што за апошнія месяцы расійскі і кітайскі бакі падпісалі пагадненні, якія дазваляюць узаемадзейнічаць сістэмам прапаганды і распаўсюджваць сумяшчальныя тэзісы.

IAR/аз