Беларуская Служба

Войска Польскае пачынае акцыю «Бяспечнае Падляшша»

08.07.2023 15:30
У ейных рамках на ўход краіны пераедзе больш за 1000 вайскоўцаў і амаль 200 адзінак тэхнікі.
Войска Польскае shutterstock.com / Rafal Olkis

Войска Польскае распачынае акцыю «Бяспечнае Падляшша». Больш за 1000 вайскоўцаў і амаль 200 адзінак тэхнікі з 12-й і 17-й механізаваных брыгад пачынаюць перамяшчацца на ўсход краіны. Таму сёння кіроўцаў чакае ўзмоцнены рух вайсковых калонаў на дарогах паўночнай, цэнтральнай і ўсходняй Польшчы.

«Гэта дэманстрацыя нашай гатоўнасці адказаць на спробы дэстабілізацыі на мяжы нашай краіны», – падкрэсліў у Твітэры міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

Прэс-афіцэр 12-й Шчэцінскай мэханізаванай дывізіі маёр Блажэй Лукашэўскі(Błażej Łukaszewski) сказаў, што жаўнеры хочуць паказаць грамадству, што ў выпадку патэнцыйнай пагрозы на іх можна разлічваць у любы момант:

- Мы хочам паказаць польскаму грамадству, што ў выпадку патэнцыйнай пагрозы на нас можна разлічваць у любы момант. Мы шмат разоў выконвалі розныя задачы на ўсходзе Польшчы, і тамтэйшая супольнасць нас ужо добра ведае. За польска-беларускай мяжой існуе патэнцыйная пагроза, таму нашае начальства вырашыла, што мы павінны ўзмацніць сілы ва ўсходняй Польшчы.

Галоўнае камандаванне польскіх узброеных сіл адзначае, што мэтай аперацыі «Бяспечнае Падляшша» з'яўляецца, між іншым, дэманстрацыя волі і здольнасці неадкладнага рэагавання на спробы дэстабілізацыі сітуацыі на ўсходняй мяжы Польшчы. Акрамя таго, мэтай аперацыі зʼяўляюцца манеўры часткі Сухапутных войскаў.

IAR/аз