Апошнія санкцыі Еўрасаюза супраць Беларусі – гэта ў асноўным прапановы з Варшавы, заявіў у інтэрв'ю Польскаму радыё амбасадар Польшчы ў ЕС Анджэй Садась.
Амбасадар прызнаў, што ў Польшчы былі яшчэ больш амбіцыйныя прапановы, але важна захаваць адзінства. У інтэрв’ю брусельскай карэспандэнтцы Бэаце Пламэцкай амбасадар падкрэсліў, што ў гэты пакет важна было ўключыць санкцыі ў дачыненні да тых, хто вынес прысуд Анджэю Пачобуту:
-Усе асобы, якія мелі дачыненне да ганебнага зняволення Анджэя Пачобута апынуліся ў санкцыйных спісах. Але там апынуліся і іншыя прадстаўнікі беларускага рэжыму. Пазіцыя Польшчы значна больш амбіцыйная, мы б хацелі ахапіць санкцыямі значна больш гаспадарчых сектараў Беларусі. Але тут гаворка пра палітычны сігнал. Мы б хацелі больш, але тое, што прынята, таксама значнае.
Што да эканамічных санкцыяў, то, як сказаў амбасадар Анджэй Садась, яны створаныя з улікам пытанняў бяспекі. Гаворка ідзе пра інфармацыю пра дзейнасць у Беларусі наймітаў з Групы «Вагнера» і пра прамую і ўскосную падтрымку расійскага нападу на Украіну:
-Таму санкцыямі ахопленыя ўсе сферы пасрэдна ці непасрэдна звязаныя з войскам, складамі амуніцыі, пастаўкамі зброі, але таксама прадукты гэтак званага падвойнага прымянення. То бок сыравіна, якая выкарыстоўваецца ў грамадскай вытворчасці, але можа быць выкарыстана і для ваеннай прамысловасці, для беспілотнікаў, таксама элементы, якія выкарыстоўваюцца ў авіяпрамысловасці.
Апошні раз Еўразвяз уводзіў санкцыі супраць Беларусі больш за год таму. Пад ціскам у асноўным з боку Польшчы і Літвы Еўракамісія ў канцы студзеня прадставіла праект абмежавання, аднак перамовы зайшлі ў тупік, бо група краін на чале з Партугаліяй спачатку запатрабавала змякчэння раней уведзеных санкцый і запатрабавала выключэння са спісу беларускага калію. Улады ў Варшаве і Вільні не хацелі на гэта пагаджацца, матывуючы гэта тым, што гэта галоўны экспартны прадукт беларускага рэжыму. У рэшце рэшт гэтая пазіцыя перамагла. Новыя санкцыі ёсць, а старыя не паслабленыя.
ав