Беларуская Служба

Гісторык пра бітву 1920 года: Калі б бальшавікі прабіліся праз Осаў, яны б неўзабаве былі ў Варшаве

15.08.2023 16:22
Затрыманне Чырвонай арміі пад Радзымінам і Осавам мела вырашальнае значэнне для лёсу Варшаўскай бітвы.
Bitwa Warszawska 1920: odział polskiej kawalerii
Bitwa Warszawska 1920: odział polskiej kawaleriiNAC

15 жніўня адзначаецца гадавіна перамогі Польшчы ў вайне з Савецкай Расіяй у 1920 г. Гэты дзень быў абвешчаны Днём Войска Польскага. Кіраўнік Музею Варшаўскай бітвы 1920 года, які будуецца ў Осаве пад Варшавай, гісторык Яраслаў Стрыек кажа, што бітва адбылася з 13 па 25 жніўня 1920 г. падчас польска-бальшавіцкай вайны, а бітвы пад Осавам і Радзымінам працягваліся з 13 па 16 жніўня і скончыліся перамогай польскіх войскаў. Баі за Радзымін і Осаў былі вырашальнымі.

- Калі пад Радзымінам Войска Польскае сабрала шмат сілы, дык пад Осавам раптам аказалася, што ўжо няма арміі. І гэта было самае небяспечнае. Калі б бальшавікі прабіліся праз Осаў, яны б неўзабаве былі на Празе (раён Варшавы – рэд.). У бой пайшлі добраахвотнікі – на чале з палявым святаром ксяндзом Скарупкам. Гэта былі жаўнеры, якія зусім не збіраліся ваяваць, яны неслі вартаўнічую службу ў Варшаве. Але арміі вельмі не хапала жывой сілы, і таму іх за два дні да бітвы перакінулі ў Осаў.

Яраслаў Стрыек нагадвае, затрыманне Чырвонай арміі пад Радзымінам і Осавам мела вырашальнае значэнне для лёсу Варшаўскай бітвы. Перавага бальшавікоў над польскімі войскамі была вельмі значнай, таму іх затрыманне пад Варшавай называюць «Цудам на Вісле».

PAP/IAR/нг