Беларуская Служба

Былы польскі суддзя-перабежчык Томаш Шмыт выдаў сябе за журналіста папулярнага інтэрнэт-медыя Onet

14.04.2025 11:09
Шмыт, спадзяюся, аднойчы папросіць у мяне прабачэння ў польскай турме, піша журналіст, чыёй асобаю прыкрываліся беларускія прапагандысты.
  -        - Onet.
Былы польскі суддзя-перабежчык Томаш Шмыт выдаў сябе за журналіста папулярнага інтэрнэт-медыя Onet.screenshot

Як паведамляюць беларускія СМІ, 2 красавіка на мяжы з Польшчай беларускія памежнікі спынілі фургон з паўтонай выбухоўкі. Правакацыя з боку беларускіх службаў, хутчэй за ўсё, толькі пачынаецца. Яе мэтай можа быць нават разрыў перамоваў аб спыненні агню паміж Украінай і Расіяй, піша журналіст onet.pl Вітольд Юраш

Ён таксама расказвае, як беларускія спецслужбы спрабавалі сабраць інфармацыю ад яго імя.

Паводле дзяржаўных беларускіх СМІ, выбухоўка павінна была быць адпраўлена ў Расію і выкарыстана для арганізацыі нейкай дыверсіі або нападу. Кажуць, што Уладзімір Пуцін патэлефанаваў асабіста Аляксандру Лукашэнку, каб падзякаваць за ліквідацыю пагрозы. Ужо адзін гэты факт сведчыць аб тым, што гісторыя, верагодна, будзе мець працяг. 

Аднак цяпер беларускія і расійскія СМІ спрабуюць раздуць гэтую справу, абвінавачваючы польскія памежныя службы ў нявыяўленні выбухоўкі. Прапаганда Пуціна і Лукашэнкі амаль наўпрост наводзіць на думку, што палякі свядома прапусцілі фургон.

Уся гісторыя пакуль ахутана таямніцай. Аўтамабіль, у якім была схаваная выбухоўка, быў з малдаўскімі нумарамі, а кіроўцу — грамадзяніна Беларусі — для перавозкі наняў грамадзянін Эстоніі. Важна адзначыць, што кіроўца ехаў з Літвы ў Расію. Беларускія рэжымныя медыя не тлумачаць, чаму ён абраў маршрут праз Польшчу, а не перасякаў мяжу з Беларуссю наўпрост з Літвы. На дадзены момант незразумела, у якім кірунку пойдзе наратыў і ці абвінавацяць Польшчу або Украіну ў намерах арганізаваць атаку.

З пункту гледжання Масквы было б лагічна арганізаваць нейкі вялікі напад у Расіі ці стварыць уражанне, што такая атака вось-вось будзе здзейсненая. Каб абвінаваціць у гэтым Кіеў і выкарыстоўваць гэта як падставу для зрыву перамоваў з ЗША аб спыненні агню з Украінай. Але давер да беларускіх і расійскіх СМІ, якія з'яўляюцца выключна прапагандысцкімі рупарамі рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, роўны нулю. Таму няма ўпэўненасці, ці мела месца спроба кантрабанды ўвогуле, ці сапраўдныя кадры вобшуку  фургона і ці не з'яўляецца ўся гісторыя поўнай выдумкай. 

На дадзеным этапе можна сказаць толькі адно, што ўлады ў Мінску спрабуюць перакласці на Польшчу адказнасць за тое, што польскія мытнікі нібыта не выявілі выбухоўку, схаваную ў падлозе і сценах фургона. Беларускія дзяржаўныя медыя, распавядаючы пра справу, падкрэсліваюць, што гісторыя з захопам фургона з выбухоўкай амаль не зацікавіла польскіх журналістаў, што нібыта сведчыць пра антырасійскую змову ў Польшчы. 

Прапагандысты таксама падкрэсліваюць, што польскія ведамствы не хочуць з імі ісці на кантакт. 

І ў гэтую справу быў далучаны былы суддзя Томаш Шмыт, які ўцёк у Беларусь у мінулым годзе. Былы суддзя Шмыт тэлефанаваў у памежны польскі пункт у Тэрэспалі і распытваў пра нібыта кантрабанду выбухоўкі. У кожнай размове ён прадстаўляўся як «Вітольд Юраш з onet». Гэтыя тэлефанаванні Шмыта сталі асновай для праграмы Беларускага тэлебачання. 

«Верагодна, Томаш Шмыт выкарыстаў маю асобу па дзвюх прычынах, — піша журналіст Вітольд Юраш. —  Па-першае, таму што я працую ў найбуйнейшай рэдакцыі ў Польшчы і займаюся замежнай палітыкай. Па-другое, да таго, як стаць журналістам, я працаваў у тым ліку дыпламатам — выконваў абавязкі часовага паверанага Польшчы ў Беларусі. Дарэчы, Беларускае тэлебачанне ў канцы рэпартажу просіць прабачэння за крадзеж маёй асобы. Шмыт,  спадзяюся, таксама аднойчы папросіць у мяне прабачэння. Я спадзяюся, што гэта адбудзецца, калі ён нарэшце апынецца там, дзе яму належыць, — у польскай турме».

вх