Малгажата Зых на будучых выбарах павінна была быць кандыдатам у сенат па рэкамендацыі Польскай сялянскай партыі (PSL). Аднак рашэннем падпісантаў сенацкага пакта рэкамендацыя была адклікана.
У аўторак старшыню PSL Уладзіслава Касіняка-Камыша спыталі, чаму ў спісах дэмакратычнай апазіцыі знаходзяцца людзі, якія нават сёння не могуць назваць Пуціна злачынцам. Касіняк-Камыш адказаў, што калі б Зых не зрабіла выразнай заявы аб асуджэнні Уладзіміра Пуціна, таго, што ён робіць ва Украіне, «яна не была б кандыдатам».
У адказ на гэтыя словы Зых выступіла ў сераду з заявай, у якой назвала прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна «ваенным злачынцам».
У пятніцу прэс-сакратар PSL Мілаш Матыка абвясціў, што Малгажата Зых аднагалосным рашэннем падпісантаў сенацкага пакта страціла рэкамендацыю на выбары ў сенат і не будзе кандыдатам ні ад адной з партый, якія ўваходзяць у пакт.
У суботу Зых апублікавала новую заяву ў Twitter (X). Яна адзначыла, што «не адпавядае каштоўнасцям дэмакратычнай прававой дзяржавы і хрысціянскім каштоўнасцям называць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна «ваенным злачынцам» у цяперашні час, бо дагэтуль рашэнне Міжнароднага крымінальнага суду, які яго вінаваціць у незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, у Расію не перадалі».
«Нельга таксама асуджаць іншага чалавека, таму што гэта можа зрабіць толькі Бог... Таму, каб сумленне было чыстым, я прашу прабачэння ў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуцін за тое, што ў сваёй заяве 30 жніўня назвала яго «ваенным злачынцам», – напісала Малгажата Зых.
PAP/нг