Упаўнаважаны польскага ўраду па бяспецы інфармацыйнай прасторы Польшчы Станіслаў Жарын звяртае ўвагу на чарговую спробу дэзынфармацыі з боку Расіі. «Расійская прапаганда піярыць лухту беларускага вайскоўца Андрэя Багадзеля, пра нібыта варожыя планы Польшчы супраць суседзяў», – паведаміў Станіслаў Жарын у сацсетках.
Паводле беларускага вайскоўца, польскі ўрад «акцэнтуе ўвагу на тэме пагрозы ў Сувальскім перашыйку», плануючы накіраваць войскі супраць Літвы і разлічваючы на акупацыю часткі гэтай краіны. Гэтыя заявы ахвотна цытуюць расійскія СМІ.
У той жа час, піша Станіслаў Жарын, расійская прапаганда пераконвае, што Польшча таксама мае намер напасці на іншых суседзяў.
Крэмль прадстаўляе Польшчу як пагрозу для Расіі, Беларусі, Украіны, а цяпер і Літвы. Упаўнаважаны польскага ўраду падкрэслівае, што мэта такіх дзеянняў – панізіць аўтарытэт Польшчы ў вачах хаўруснікаў і паспрабаваць выклікаць у расіян і беларусаў нянавісць да палякаў.
IAR/аз