Беларуская Служба

Яраслаў Качыньскі: Заявы аб перасяленні мігрантаў падштурхоўваюць кантрабандыстаў

19.09.2023 13:33
За апошнія тыдні на італьянскую Лампедузу прыбыло больш за восем з паловай тысяч мігрантаў – больш, чым яе насельніцтва.
Яраслаў КачыньскіPAP/Paweł Jaskółka

Віцэ-прэм'ер Яраслаў Качыньскі заявіў, што заявы аб перасяленні мігрантаў падштурхоўваюць кантрабандыстаў. Урад прыняў адмысловую пастанову аб міграцыйным плане Еўрасаюза. Гэта адказ на словы старшыні Еўракамісіі. Урсула фон дэр Ляен заявіла, што мігранты, якія прыбываюць на Лампедузу, павінны быць пераселены ў іншыя краіны ЕС.

На канферэнцыі пасля паседжання ўраду старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі падкрэсліў, што рашэнні ўладаў ЕС контрэфектыўныя:

-Усялякага роду заявы пра перасяленне мігрантаў, 10 пунктаў, пра якія абвесціла спадарыня фон дэр Ляен, дзе такая прапанова таксама ёсць, гэта заахвочванне для гандляроў людзьмі, бо так гэта трэба акрэсліць. Заахвочванне тых, хто хоча нелегальна трапіць у Еўропу.

На думку Яраслава Качыньскага, эфектыўным рашэннем праблемы нелегальнай міграцыі зʼяўляецца ахова мяжы.

За апошнія тыдні на італьянскую Лампедузу прыбыло больш за восем з паловай тысяч мігрантаў – больш, чым яе насельніцтва.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заклікала краіны-сябры ЕС выкарыстоўваць механізм добраахвотнай салідарнасці і прымаць мігрантаў з Італіі. Урсула фон дэр Ляен сустрэлася з прэмʼер-міністрам Італіі Джорджыяй Мелоні на востраве Лампедуза, які сутыкнуўся з міграцыйным крызісам.

Падчас візіту на італьянскую Лампедузу кіраўнік Еўракамісіі прадставіла план дзеянняў з дзесяці пунктаў, рэалізацыя якога павінна дапамагчы вырашыць міграцыйны крызіс на востраве. Адзін з пунктаў – перасяленне мігрантаў з Лампедузы і Італіі ў іншыя краіны ЕС.

ав