Сёння міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак падпіша афсетнае пагадненне па кантракце на закупку верталётаў «Апач». Цырымонія адбудзецца на заводзе Boeing у горадзе Меса ў штаце Арызона, дзе канцэрн выпускае верталёты «Апач» для амерыканскіх вайскоўцаў і хаўруснікаў ЗША.
У жніўні Дзярждэпартамент даў згоду на продаж Польшчы 96 сучасных ударных верталётаў AH-64E «Апач». Максімальны кошт кантракту, рэалізаванага Boeing і Lockheed Martin, ацэньваецца ў 12 мільярдаў долараў. Польшча запатрабавала афсетнага пагаднення, якое павінна быць вызначанае шляхам перамоваў паміж пакупніком і падрадчыкамі. Адзін з такіх кантрактаў сёння ў Месе падпіша міністр Блашчак.
Мінабароны Польшчы нагадала, што да завяршэння працэдур пастаўкі верталётаў у Польшчу, амерыканцы прадаставяць польскаму боку верталёты «Апач» з уласных фондаў.
Набытыя Польшчай верталёты будуць адпраўлены на ўсходні фланг НАТА, у 18-ю Механізаваную дывізію. Яны будуць прызначаны для супрацы з танкамі «Абрамс».
аз