Беларуская Служба

У Беластоку прайшла акцыя салідарнасці са зняволеным журналістам Анджэем Пачобутам

26.09.2023 08:07
У панядзелак вечарам у Беластоку прайшла акцыя салідарнасці з прадстаўніком польскай меншасці ў Беларусі, журналістам Анджэем Пачобутам, які цяпер адбывае пакаранне ў калоніі.
Ілюстрацыйнае фота Michal Kosc / Forum

Такія акцыі ў Беластоку адбываюцца кожны месяц каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку, побач з якім знаходзіцца плакат з фотаздымкам Пачобута. Акцыя таксама азначае салідарнасць з іншымі палітвязнямі, якія знаходзяцца ў турмах у Беларусі, і патрабаванне іх вызвалення. Яго арганізуюць Саюз палякаў Беларусі і Падляшскі аддзел Згуртавання Wspólnota Polska.

«Анджэй знаходзіцца ў турме ўжо 30 месяцаў», – нагадаў на пачатку мітынга віцэ-старшыня Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі. Ён нагадаў, што акцыі ў Беластоку адбываліся практычна ад пачатку зняволення Пачобута. «Наш абавязак прыязджаць, гаварыць, памятаць і агалошваць гэтыя праблемы, пакуль у Беларусі нешта не зменіцца», – дадаў ён.

Занеўскі сказаў, што зараз сітуацыя з Анджэем «вельмі цяжкая», ён па-ранейшаму знаходзіцца ў ізаляцыі і не атрымлівае лекаў для сэрца, якія, па яго словах, патрэбныя яму кожны дзень. «Сітуацыя вельмі цяжкая, і мы павінны гаварыць пра гэта як мага больш, дзе толькі можам, таму што гэта ўжо небяспечна нават для яго жыцця», – падкрэсліў ён. Ён таксама паведаміў, што сваякам зноў сталі прыходзіць лісты ад Анджэя, яго некалькі разоў наведваў адвакат, таму ў гэтым плане, паводле яго ацэнкі, «сітуацыя палепшылася».

Занеўскі адзначыў, што Анджэй Пачобут ведае, што акцыі салідарнасці ў Беластоку адбываюцца кожны месяц. «Ён усім вельмі дзякаваў, што памятаеце, што прыйшлі, што памятаеце пра яго, што памятаеце пра астатніх палітвязняў, якіх вельмі шмат», – сказаў намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

Кіраўніца падляшскага аддзелу аб’яднання Wspólnota Polska Анна Кетліньска ў размове з журналістамі падкрэсліла, што ў Беларусі людзей асуджаюць, бо «яны думаюць інакш, чым улада, і хочуць патрабаваць такіх фундаментальных чалавечых прыярытэтаў, як свабода, сэнс самасвядомасці і самакіравання». «Анджэй Пачобут – сімвал такіх дзеянняў, сімвал чалавека, асуджанага за такія каштоўнасці», – сказала яна і дадала, што як журналіст Пачобут выказваўся на тэмы свабоды, дакументаваў гістарычныя падзеі і за гэта «быў пакараны і абвінавачаны ў прапагандзе фашызму і распальванні міжнацыянальнай варажнечы«.

Падчас акцыі згадвалі яшчэ аднаго палітвязня – беларускага грамадскага дзеяча і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяцкага, якому споўніўся 61-год.

Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут знаходзіцца пад вартай з 25 сакавіка 2021 года. 8 лютага гэтага года ён быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля адмовы ў задавальненні скаргі на прысуд ён знаходзіцца ў калоніі ў Наваполацку.

Паводле РАР / вх